ЗА КАПЕЙКУ ВОШ ДА БЯРОЗЫ (горад) ЗАВЯДЗЕ. Сквапны, скупы чалавек. Такога чалавека трэба пашукаць, ён за капейку вош да Бярозы завядзе. Заполле Кос.
ЗА КАПЕЙКУ ПАВЕСІЦЦА. Скупы чалавек. Гэдыкі скупы, што за капейку павесіцца. Сакоўцы Міл.
ЗАКАПЫЛІЦЬ ГУБЫ. Загневацца, надзьмуцца, пакрыўдзіцца. Бач ты яго, закапыліў губы, слова папярок ні скажы яму. Альшаніца Квас.
ЗАКАПЫЛІЦЬ НОСА. Зазнавацца, ганарыцца. Не паспеў начальніком стаць, а ўжэ носа закапыліў, багром ні дастаць. Заполле Кос.
ЗА КАЎНЕР (ЗА ШЫЮ) НІ КАПАЯ. Так скажуць, калі апраўдваюць сваё марудства. Куды мне спяшаць? За каўнер ні капая. Кухню прывёў да ладу, неяк перазімую. А пацяплея, то паціху буду ў хаці падлогу ўсцілаць, паталкі падбіваць, сцены тынкаваць. Стайкі Стайк.
ЗАКІДВАЦЬ (ЗАКІНУЦЬ) ЗА КАЎНЕР. Выпіваць. Даўней на вяселлі адна чарачка на ўсіх была. Нальюць госцю, устаня ён, скажа добрае слоўцо маладым, вып'я і другому перадасць чарачку. Ніхто ні напіваўся, нікого ні бачылі п'яным. Гэто зараз закідваюць за каўнер, п'юць, колькі ўлезя. Альшаніца Квас.
ЗАКІНУЦЬ СЛОВО. Падтрымаць, пахадайнічаць. Пайдзеш, Міхась, дроў прасіць у лясніцтво, то і за мяне закінь слово. г.Косава.
ЗА КРАЙ СВЕТУ. Вельмі далёка. Маладымі былі, за дзяўчатамі за край свету цалялі. Ёдчыкі Квас.
ЗАКРЫВАЦЬ (ЗАКРЫЦЬ) ВОЧЫ. Знарок не заўважаць. Валакуць з калхоза ўсё, шчо можно, а брыгадзір вочы закрывая. Як ён будзя караць, калі сам бярэ. Мілейкі Міл.
ЗАКРЫВАЦЬ (ЗАКРЫЦЬ) ЛАВАЧКУ. Спыніць крыніцу лёгкіх даходаў. Самагоначку гнала і прадавала
121 👁