ЖЫВОТ НА НОС ЛЕЗЯ. Так скажуць пра цяжарную жанчыну. Восенню на радзінах была ў яе, а ўбачыла вясною - зноў жывот на нос лезя. г.Косава. ЖЫВЫ ВЕЦЯР ХОДЗІЦЬ. Пра адчуванне руху халоднага паветра ў жылым памяшканні. Жывы вецяр ходзіць па хаці. Заполле Кос. ЖЫВЫ НЯБОЖЧЫК. Вельмі худы. Язва мучыць майго чалавека. То схуднеў - жывы нябожчык. Мілейкі Міл. ЖЫЎЦОМ ЕСЦІ (З ЕСЦІ). Прычыняць мукі, пакуты. У прымах жыву, то цешча жыўцом есць. Цярплю радзі дзяцей. Альшаніца Квас. ЖЫЦЬ АДНЫМ ДНЁМ. Не задумваючыся пра будучае. Людзі сёні жывуць адным днём, без ніякіх запасоў. Заполле Кос. ЖЫЦЬ З КАПЕЙКІ. Толькі на заробак, не разлічваючы на іншыя даходы (жыць). Прапала карова, во і прыходзіцца жыць з капейкі. Размеркі Стайк. ЖЫЦЬ СВАІМ РОЗУМОМ. Быць самастойным у сваіх дзеяннях, учынках. Чаго вы трымаяця хлопца каля сябе? Хай едзя ў горад да сваім розумом жыве. Міхнавічы Стайк. ЖЫЦЬ ЧУЖЫМ РОЗУМОМ. Не мець самастойнай думкі. Век чужым розумом жыць ні будзяш, трэба і свайго трохі мець: бацькі ні вечныя. г.Івацэвічы. ЖЫЦЬ ЯК НАБЯЖЫЦЬ. Як выпадае, спадзеючыся на лепшае (жыць). Забудзьця пра ўчарашняя, ні дбайця пра будучая, трэба жыць як набяжыць. Заполле Кос. З ЗАБІВАЦЬ (ЗАБІЦЬ) АСІНАВЫ КОЛ У МАГІЛУ. Так выказваюць адмоўныя адносіны да іншага чалавека. Ты мне гэдак сваею п'янкаю да гулямі ўпёкся, што як памрэш, то замест памятніка асінавы кол у магілу заб'ю. г.Косава.
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знакі націску, каб словы лепш знаходзілася праз пошук.
116 👁