Д
ДА АДВАЛУ ЕСЦІ (НАЕСЦІСЯ). Уволю, колькі захочацца. Марылін сын на мясакамбінаці робіць: да адвалу есць мясо. Була Міл.
ДАБАВІЦЬ ХОДУ. Паспяшацца. Трэба дабавіць ходу, каб ззавідна прыйсці дахаты. Галік Міл.
ДА БЕЛЫХ МУХ. Да пачатку зімы. У нас кароў пасуць да белых мух. Рацкевічы Міл.
ДАБІЦЬ ДА РУЧКІ. Зрабіць непрыгодным для карыстання. Цэлымі днямі мой унук ганяя на ровары, зусім яго ні глядзіць, даб'е да ручкі. Воля Жытл.
ДАБЫВАЦЬ СМЕРЦІ. Жыць у каго-небудзь у старасці. У дачкі смерці дабываю, сама ўжэ і вады ні прынясу. Альшаніца Квас.
ДАВАЦЦА (ДАЦЦА) Ў ЗНАКІ. Надоўга запомніцца. Будаваўся, па дзеравінцы збіраў на хату. Далася яна мне ў знакі – шмат здароўя паклаў я тады. Грыўда Міл.
ДАВАЦЬ (ДАЦЬ) АДСТАЎКУ. Адмовіць. Хадзіў два гады ў суседняя сяло да дзеўчыны, пайшоў у армію, а яна мне адстаўку дала – замуж пайшла. г.Івацэвічы.
ДАВАЦЬ (ДАЦЬ) АСЕЧКУ. Памыляцца. Э-э-э, а я думоў, што ты ў том канцэ сяла жывеш, даў асечку, прышлося вярнуцца назад. Лазаўцы Міл.
ДАВАЦЬ (ДАЦЬ) БУБНА. Лупцаваць. Пайшоў мой кавалер у чужоя сяло, то там добра далі бубна. Харошча Міл.
ДАВАЦЬ (ДАЦЬ) БУСІ. Цалаваць. Унучок падрос, такі жвавы, вясёлы, ано прыду да дачкі, бяжыць: бусі яму давай. Мілейкі Міл.
ДАВАЦЬ (ДАЦЬ) ВЕРЫ. Верыць. Ці гэто можно даць веры, шчо нам газ правядуць? Альшаніца Квас.
ДАВАЦЬ (ДАЦЬ) ВОЛЮ. Дазваляць. Каб яму волю далі, то ён усіх нас парабкамі парабіў бы. Хадакі Жытл
125 👁