ВЫМАЦЬ (ВЫНЯЦЬ) ДУШУ. Замучваць, знясільваць. Пакуль памярці, то хваробы душу вымуць. Скураты Квас.
ВЫМОТВАЦЬ (ВЫМАТАЦЬ) ДУШУ. Прычыняць мукі, пакуты. Сын усю душу выматоў: як ано нядзеля прыдзя, то паб'ецца, то нап'ецца, то пасварыцца. г. Івацэвічы.
ВЫПЛАКАЦЬ ВОЧЫ. Перажыць вялікую бяду. Не прышоў мой адзіны сынок з вайны, выплакала ўсе вочы па ём. Альба Квас.
ВЫПУСКАЦЬ (ВЫПУСЦІЦЬ) З ВІДУ. Запамятаваць. Што за галава? Выпусціла з віду, што заўтры калейка кароў пасвіць. Яблонка Жытл.
ВЫПУСКАЦЬ (ВЫПУСЦІЦЬ) З РУК. Страчваць. Шчасце ў рукі плыло – сама выпусціла з рук. Не схацела замуж ісці за Івана, а з гэтым сваім боўдзілом увесь век прамучылася. Альшаніца Квас.
ВЫПУСКАЦЬ (ВЫПУСЦІЦЬ) КІШКІ. Параніць у бойцы. Прыехалі хлопцы з чужого сяла да нас на танцы, то нашы галаварэзы і патанцаваць ім ні далі, гатоў выпусціць кішкі, як сталі біцца. Заполле Кос.
ВЫРАБІЦЦА НА ІРХУ. Схуднець, зблажэць. Даўно не бачыў свата, а ён вырабіўся на ірху. Заполле Кос. Ірха – аблямоўка.
ВЫРВАЦЬ З РОТА. У час размовы сказаць тое, што хацеў сказаць другі чалавек, апярэдзіць яго. Ты загаварыла пра пажар у Косаві, з рота ў мяне вырвала, і я хацела пра гэто расказаць. Бялавічы Кос.
ВЫРВАЦЬ РУКІ. Цяжка працаваць. Усе рукі вырвала, ходзячы ў калхоз. Як нагрузіш пяць прыцэпоў сянажу – а ён зляжалы, трактором утоптаны – то начамі ні спіш: ні ведаяш, дзе рукі падзець. Хрышчонавічы Квас.
ВЫРВІ І ПАДАЙ. Так скажуць пра хуткага, рухавага, хапаткога чалавека. Ні хлопяц, а агонь – вырві і падай. Грыўда Міл.
141 👁