Старонка 306
◀ / 310 ▶
ЯК УЛІТЫ. Патрэбнага памеру (пра адзенне). Жонка касцюма мне купіла. Кажа, прасіла некага чалавека, каб памероў. Апрануў я – як уліты на мне. Альба Квас. ЯК У МЯШКУ ВІСІЦЬ. Хмарна. Цэлы дзень як у мяшку вісіць. Стайкі Стайк. ЯК НІ Ў СЯБЕ. Многа (есці, піць). Мой чалавек есць як ні ў сябе. Каб я гэдулькі ела, то як бочка была б, а ён худы. Воля Жытл. ЯК У ПАДУШКУ. Бязлітасна (біць). Мой сусед як вып'я, то дурны робіцца. Жонку б'е як у падушку, людзі адбіраюць. г.Косава. ЯК У ПОЛІ ВЕЦЯР. Несур'ёзны, легкадумны чалавек. І зараз ён абы-які, як у полі вецяр. Ажэніцца, то ано свет жонцы завяжа. Чалавека з яго ні будзя. Яглевічы Ягл. ЯК У ПРОРВУ. Так скажуць пра таго, каму ўсяго мала, чые патрэбы цяжка задаволіць. Колькі ні давала яму і грошай, і прадуктамі памагала, і адзежу купляла – усё як у прорву. Дзе яны гэто ўсё дзяюць? Падстарынь Падст. ЯК У РУКУ. Сон, які спраўдзіўся. Прыснілася, што цэлы кошык праўдзівікоў назбірала. Разгадала: грыбы – гэто людзі. Сон як у руку даў: пад вечар дзеці з унукамі прыехалі. Цэла хата гасцей. Панкі Люб. ЯК ХВАРОБІ КАШАЛЬ. Ніяк. Ты мне сто грам лепяй дай, то я хутко папраўлюся. А твае шэпты памогуць як хваробі кашаль. Бараны Ягл. ЯК ХТО ПАДМЯНІЎ. Перамяніцца ў горшы або лепшы бок. Паляжала два тыдні ў бальніцы, прыехала дахаты, а мужыка як хто падмяніў. Гэдакі добры стаў – вядра вады ні дае прынясці. Паглядзеў, як аднаму жыць. Кушняры Падст. ЯК ЦАРКОЎНАЯ МЫШ. Пра беднасць. От я сабе думаю, чаму так даўней казалі: бедны як царкоўная мыш. А раздумоўся – праўду казалі. А чым ты там пажывісся, шчо возьмяш? Адны абразы да харугвы. Бялавічы Кос.
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знакі націску, каб словы лепш знаходзілася праз пошук.
77 👁
◀ / 310 ▶