Старонка 305
◀ / 310 ▶
ЯК ТУТ І БЫЎ (БЫЛО, БЫЛА). На сваім месцы. Ні пашкадаваў грошай, купіў карціну – восянь намалёвана. Павесіў на сцяне – як тут і была. Воля Жытл. ЯК У БОГА ЗА ПАЗУХАЮ (ЗА ПЛЯЧЫМА). Жыць без клопатаў, усё мець. Ажаніўся мой унучок, да прышлі ў маю хату жыць. Ён трактарыстом у калхозі, а яна з дзіцятком сядзіць. Ладзяць паміж сабою, усё стараюцца мець. І слухаюць, што падказваю. Жыву я, Алена, як у Бога за пазухаю. Гошчава Стайк. ЯК У ВІР ГАЛАВОЮ. Згінуць, прапасці, нават следу пасля сябе не пакінуць. Як пайшоў мой бацько на фронт, то як у вір галавою. Альшаніца Квас. ЯК У ВОДУ АПУШЧАНЫ. Прыгнечаны, заклапочаны, засмучаны. Што ты ходзіш як у воду апушчаны? Аперацыю зрабілі і радуйся. Яшчэ пажывеш. Твая работа ні трэба ўжэ. Е каму рабіць. А ты словом памагай маладым. г.Косава. ЯК У ВОДУ ГЛЯДЗЕЦЬ. Прадбачыць тое, што адбудзецца. Ты, Іван, як у воду глядзеў. Твая праўда вышла: выміраюць сёла. Прайшоўся ўчоры па гуліцы – адны пустыя хаты. Скураты Квас. ЯК У ДЗЯТЛА ПАД ХВАСТОМ. Брудна. У тваёй хаці як у дзятла пад хвастом. Заполле Кос. ЯК УДОЎЖ ТАК І ЎПОПЯРОК. Так скажуць пра тоўстага чалавека. Пайшоў на пенсію, спяшыць ні трэба нікуды, есці е шчо, то паправіўся. Жонка во смяецца: “Ты, Андрэй, зрабіўся як удоўж так і ўпопярок”. г.Івацэвічы. ЯК УКОПАНЫ. Нерухома (стаяць). У Косаві быў. Пад’язджаю дахаты – повян надворок людзей. Кажуць, пажар быў у цябе ў хаці. Унукі з запалкамі балаваліся, ды занавеска загарэлася. А ў мяне ногі адняліся, стаю як укопаны, ано пытаюся, ці хоць жывыя. Дзякаваць Богу, набеглі людзі, выняслі з хаты дзяцей і агонь патушылі. Заполле Кос.
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знакі націску, каб словы лепш знаходзілася праз пошук.
84 👁
◀ / 310 ▶