ЯК СМАЛА. Неадчэпна (прыстаць, прычапіцца і пад). Што ты да мяне прыстаў як смала? Калі да калі ў Косаво паедзям? Дай хоць паснедаць! Базар да паўдня, паспеям. Грыўда Міл.
ЯК СНОП. Адразу, раптоўна (зваліцца, упасці). Каталіся на лёдзі. Нехто стукнуў ззаду санкамі, то зваліўся як сноп. Патыліцаю стукнуўся. Бялавічы Кос.
ЯК СОННАЯ МУХА. Вельмі павольна. Што ты ходзіш як сонная муха? Варушыся хучэй. Да вечара трэба пазбіраць гэтыя картоплі: назаўтры замаразкі будуць. Харошча Міл.
ЯК СПІЦЬ ДА СЦЯНЫ ЗУБАМІ. Так скажуць пра сварлівага чалавека. – Добры, Любачка, у цябе мужык. – Добры, як спіць да сцяны зубамі. Альшаніца Квас.
ЯК СТАРОЙ БАБІ СЕСЦІ. Мала (часцей пра зямлю). Якія зараз пляцэ даюць? Як старой бабі сесці: ні агарода, ні прысаддзя пасадзіць. г.Івацэвічы.
ЯК СТАЮ (ЯК СТОЙ). Нічога не мець. Я разышлася з мужыком і засталася як стаю. Усё трэба нажываць спачатку. Але затое нервы на месці. г.Косава
ЯК СЫР У МАСЛІ КАЧАЦЦА. Жыць багата, у дастатку. Мая ўнучка замуж пайшла за амерыканца, то як сыр у маслі качаяцца. Тут гэдык ні жыла б. Ано шчо сумуя па сваіх. То прыязджая па два разы на год. г.Івацэвічы.
ЯК ТАПЕЛЯЦ ЗА САЛОМІНКУ. Так кажуць, калі шукаюць паратунку. Як бяда напаткая, то кідаяшся ва ўсе бокі. Хватаяшся, як тапеляц за саломінку, за ўсё, што людзі параяць. Яглевічы Ягл.
ЯК ТОЙ КАЗАЎ. Як кажуць людзі. Як той казаў, абы здароўе было, а грошы рукамі заробім. Галава ж варыць, ды і пажылі на свеце. Сенькавічы Падст.
ЯК ТУМАН У ВАЧАХ. Няясна, цьмяна бачыць. Доктар, што за мною робіцца, ні ведаю. Часом як туман у вачах і галава кружыцца. Стайкі Стайк.
131 👁