ПРАВАЛІЦЦА МНЕ НА ГЭТОМ МЕСЦІ. Такімі словамі клянуцца. Праваліцца мне на гэтом месці, калі мучу: на свае вочы бачыў, як Гнат коніка з Косава вёў, у мешчаніна купіў. Скураты Квас.
ПРАВАЛІЦЦА СКРОЗЬ ЗЕМЛЮ. Так скажуць, калі адчуваюць вялікі сорам. Зроду чужого ні брала. А тут торбачку картоплёў узяла на развод. Брыгадзір нарваўся. Гатоў была праваліцца скрозь землю, хоць ён і ні сказаў нічого. Хрышчонавічы Квас.
ПРАДАВАЦЬ (ПРАДАЦЬ) ЗА ГНІЛУЮ РЫБУ. Вельмі танна, не па кошце тавару. Парасят на базар вазіў. Прадаў за гнілую рыбу. Альшаніца Квас.
ПРАДАВАЦЬ ЗУБЫ. Выскаляцца. Больш я з тобой на вячоркі ні пайду: цэлы вечар прадавала зубы перад хлопцамі, як дурачка. Куляшы Міл.
ПРАДАВАЦЬ (ПРАДАЦЬ) ЧОРТУ ДУШУ. Жыць, ігнаруючы правілы маралі. Пайшоў у паліцыю служыць пры немцах, то прадаў чорту душу. Ано род свой зняславіў. г.Косава.
ПРАДАЦЬ І ГРОШЫ ПАЛІЧЫЦЬ. Так скажуць пра ашуканца, бессаромнага чалавека. Ты з ім дружбу ні вядзі. Бо ён цябе прадасць і грошы палічыць. Альшаніца Квас.
ПРАГЛЯДЗЕЦЬ ВОЧЫ. Углядацца, доўга чакаць. Праглядзела ўсе вочы, пакуль аўталаўку даждалася. Унукі на канікулах, а хлеба німа. Размеркі Стайк.
ПРАГНАЦЬ СМАГУ. Напіцца. Кожны раз, бывало, як з ягад ідзем, у Растаўшчыні астановімся, на Фядосцы. Апаласнемся, пражанем смагу, а тады і дахаты весялейшыя ідзем. Альшаніца Квас.
ПРАЗ ЗУБЫ. Гаварыць з непрыязнасцю. Чаго ты цэдзіш праз зубы, морду скрывіў? Я тваіх пакосоў ні пабраў. Ні на того ты думаяш. Заполле Кос.
ПРАЗ СІЛУ. Прымушаючы сябе, стрымліваючы свае пачуцці. Ні хочацца ўжэ есці старому чалавеку.
86 👁