ПЛАЧА АЖ ЗАХОДЗІЦЦА. Нястрымна, не сціхаючы. Маці з сабою ні ўзяла па ягады, кажа, далёко пайду. То во плача аж заходзіцца. Бялавічы Кос.
ПЛЫЦЬ (ПЛЫСЦІ) МІЖ ПАЛЬЦОЎ. Хутка траціць. Абоя на грашах, добра палучаюць, але плывуць тыя грошы ў іх між пальцоў. Ад палучкі да палучкі ні заўсёды хватая. Хрышчонавічы Квас.
ПЛЫЦЬ У РУКІ. Шанцаваць. Як пагляджу, то маёй суседцы грошы самы ў рукі плывуць: то ў латарэю выграла, то пенсію дабавілі. Скураты Квас.
ПЛЮНУЦЬ НІМА КУДЫ. Вельмі многа, шматлюдна. Прыехоў цырк у Вацэвічы. Людзей назбіраласё – плюнуць німа куды. г.Косава.
ПЛЮНЬ І РАЗАТРЫ. Не звяртай увагі. Хай шчо хочуць гавораць, а ты плюнь і разатры, абы твая душа нявінна была. Альшаніца Квас.
ПЛЯВАЦЬ НА БОРАДУ. Аслабець. Ой, браток, ужэ зусім я нікудышні – на бораду плюю. Ніякае сілы ні ў руках, ні ў нагах німа. Заполле Кос.
ПЛЯВАЦЬ СУПРАЦЬ ВЕТРУ. Рабіць сабе на шкоду. З табою, Манька, спорыць, што пляваць супраць ветру. Хай будзя па-твояму. Мілейкі Міл.
ПЛЯВАЦЬ У ВОЧЫ. Дакараць, бэсціць за бессаромства, але не дасягаць мэты: бо гэта такі чалавек – ён не ведае сораму. Ён не ведая сораму. Яму плюй у вочы – скажа, дождж ідзе. Мілейкі Міл.
ПЛЯВАЦЬ (НАПЛЯВАЦЬ) У ДУШУ. Зневажаць. Прычапіўся, што мой сын па блату ў інстытут паступіў. Ано мне ў душу напляваў. Мой сын на адны пяцёркі ў школі вучыўся, і там на чырвоны дзіплом вучыцца. г.Івацэвічы.
ПЛЯСКАЦЬ У КАЦЁТЫ. Апладзіраваць. На канцэрці была. Так пляскала ў кацёты – аж пачырванелі. Але ж і спявалі харашэ. Альшаніца Квас. Кацёты – далоні.
86 👁