ПАЦІСКАЦЬ (ПАЦІСНУЦЬ) ПЛЯЧЫМА. Выказваць няведанне. Пытаюся ў мужыка, дзе лепш соткі ўзяць. А ён ано паціская плячыма. А ты рабі, шчо хочаш. Заполле Кос.
ПАЦЯГНУЛО ЗА ЯЗЫК. Сказаць лішняе, тое, пра што трэба было прамаўчаць. От пацягнуло мяне за язык. І нашто я, дурная, сказала, што яго жонка падгульвая. Хай бы ад каго другого пачуў. Гошчава Стайк.
ПАЧУХАЦЬ ПАТЫЛІЦУ. Шукаць выйсце з пэўнай сітуацыі. Троя сыноў расце. Ты ні думай, яшчэ ўсяго будзя, пачухаяш не раз патыліцу. Яны яшчэ малыя, а ўжэ людзям вочы выядаюць. Скураты Квас.
ПАЧЫНАЦЬ (ПАЧАЦЬ) З НУЛЯ. Ад самага пачатку. Пагарэлі ў вайну, то ўсё з нуля пачыналі. Заполле Кос.
ПАШУКАЦЬ ТРЭБА ТАКОГО (ТАКУЮ, ТАКОЕ, ТАКІХ). Рэдка сустракаецца. Такого чалавека, як ты, пашукаць трэба: ад родных дзяцей хаваяшся, ні хочаш аліменты плаціць. Альшаніца Квас.
ПЕРАБІВАЦЦА З ХЛЕБА НА ВОДУ. Жыць у нястачы. Якая ў мяне маладосць? Вайна, а пасля калхозы. От, перабіваліся з хлеба на воду, рабілі як коні, а палучалі капейкі. Скураты Квас.
ПЕРАБІЛА СВІНЯ ПАЦЯРЫ. 1. Перапыніць гаворку. Не дала дагаварыць, перабіла свіня пацяры. Яна, бач, лепяй ведая за мяне, калі мае бацькі пажаніліся. Скураты Квас. 2. Перапыніць працу, занятак. Палавікоў хочу выткаць. Ано села за кросна, прыбягая суседка: "Маня, пабеглі, аўталаўка прыехала. Кажуць, буркі прывязлі". Перабіла свіня пацяры, пабегла і я па тыя буркі. Скураты Квас. Пацяры – малітвы
ПЕРАБІРАЦЬ (ПЕРАБРАЦЬ) У ГАЛАВЕ (У ПАМЯЦІ). Успамінаць, абдумваць перажытае. Старая ўжэ. Сон ні бярэ. Лягу з вечара, то да ранку ўсё перабяру ў галаве. І маладосць успомню, і тата з мамаю
83 👁