Старонка 198
◀ / 310 ▶
ПАНЧОХУ НАБІВАЦЬ (НАБІЦЬ). Збіраць грошы, багацець. Набівалі панчохі, складалі, а разваліўся Савецкі Саюз ды папрападалі нашыя грошы за сліну. А колькі труда паклалі на іх, колькі поту. І ўсе маўчаць. Заполле Кос. ПАНЮХАЦЬ КОРКА. Выпіць гарэлкі. Ты, мусі, сёні ўжэ панюхоў корка – надто ж вясёлы. Альшаніца Квас. ПАНЯСЦІ З САБОЙ Ў МАГІЛУ. Памерці, не адкрыўшы тайны. Грошы ўсё збіраў, хаваў ад жонкі. Раптоўно памёр, панёс з сабою ў магілу тайну. Ніхто так і не знайшоў тых грошай. г.Івацэвічы. ПАПАДАЦЬ (ПАПАСЦІ) НА ВОЧЫ. Сустрэцца, сутыкнуцца. Э, папаў на вочы начальніку – лічы прапаў: дахаты з работы раней не вырвяшся. г.Косава. ПАПАДАЦЬ (ПАПАСЦІ) ПАЛЬЦОМ У НЕБО. Не разабрацца ў сітуацыі. Стаім, гаворым, шчо прывязлі ў магазін. Прышла, ні слухая, шчо мы гаворым, да давай ваяваць на нявестку. Во папала пальцом у небо. Нездарма кажуць: каму што баліць, той пра тоя і гаворыць. Хрышчонавічы Квас. ПАПАДАЦЬ (ПАПАСЦІ) Ў ЛАПЫ. Апынуцца ў няпростым становішчы. Пасля вайны многіх навабранцоў замест арміі ў Данбас на шахты адправілі. Ды паўцякалі з того Данбаса дахаты. Але тут папалі ў лапы міліцыі. Нават нікаторых пасадзілі ў цюрму. А астатнія ўжэ самы паехалі назад. Альшаніца Квас. ПАПАДАЦЬ (ПАПАСЦІ) У ПЕРАПЛЁТ. Трапіць у непрыемнае становішча. Ехоў з Мінска пояздом, прыснуў трохі. Прахапіўся, а чамадана німа. А смакоў накупляў. То іх ні шкадаваў ужэ, але ж пашпарт там быў. Папаў у пераплёт, то папаў. Праўда, праз тыдзянь прыслалі пашпарта па почці. От табе і заснуў. г.Івацэвічы. ПАПАСЦІ ПАД ГАРАЧУ РУКУ. Атрымаць вы
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знакі націску, каб словы лепш знаходзілася праз пошук.
81 👁
◀ / 310 ▶