Старонка 187
◀ / 310 ▶
ПАДБІВАЦЬ (ПАДБІЦЬ) БАБКІ. Падвесці рахунак, падлічыць. Гэтым годом дымкі пасадзіў. У людзей ано цвілі, а я ўжэ салёнікі еў. Накапаў, прадаў на базары, падбіў бабкі – выгадно. г.Косава. ПАДБІВАЦЬ КЛІННІ. Заляцацца. Пяты год удавою, сусед клінні падбівая, але я ні хочу. Добра адным куском удавіцца. Альшаніца Квас. ПАДБІТЫ (ПАДБІТАЕ, ПАДБІТАЯ) ВЕТРОМ. Пра тое, што слаба грэе. Мароз на дварэ, мяцеліца, а маё пальто, падбітае ветром, ніц ні грэя. Пакуль управілася па гаспадарцы, адубела. Альшаніца Квас. ПАД БОКОМ. Зусім блізка. От добра, як лес пад боком: забяжыш на мінуту – глядзіш, ужэ е што насмажыць. Хрышчонавічы Квас. ПАДВЯСЦІ ПАД ДУРНОГО ХАТУ. Падмануць, паставіць у непрыемнае становішча. Падвёў дзеўку пад дурного хату: сватоў заслаў, а потым на вяселле не прыехоў. Яблонка Жытл. ПАД ГАРАЧУ РУКУ ПАПАСЦІ. У момант злосці, раздражнення, гневу. Папаў суседу пад гарачу руку, то на мне ўсю злосць сагнаў. Галік Міл. ПАДДАВАЦЦА НА ВУДАЧКУ. Ашукацца. Паддаўся на вудачку Андрэю. Кажа, паедзям нагрузім вагон буракоў, то заробім па сто тысяч. Папагрузілі, тыдзянь рук ні чуў, а грошай трэці месяц ні плоцяць. От і зарабілі. Заполле Кос. ПАД ЗАВЯЗКУ. Поўна, даверху. Насыпоў мех бульбы пад самую завязку. Стайкі Стайк. ПАД ЗЯМЛЁЮ БАЧЫЦЬ. Так кажуць пра ўніклівага чалавека. Нідзе ні схаваяшся ад гэтаго чалавека: ён і пад зямлёю бачыць. Мілейкі Міл. ПАДКІНУЦЬ ПАД ХВОСТ. 1. Набіць. Дахаты ідзі, халернік, бо падкіну пад хвост. Заполле Кос. 2. Нагнаць, прыспешыць. Падкінь пад хвост каню, ніхай прабяжыць трохі. Заполле Кос.
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знакі націску, каб словы лепш знаходзілася праз пошук.
77 👁
◀ / 310 ▶