ПА ГЭТАЙ ДАРОЗЕ ЗБАНКІ ВАЗІЦЬ. Пра дарогу ў выбоінах, ямах. Аж усе косці забалелі, пакуль прыехалі: па гэтой дарозі збанкі вазіць, то ні аднаго цэлаго ні застанецца. Стайкі Стайк.
ПАДАВАЦЬ (ПАДАЦЬ) ГОЛАС. Азвацца, аказацца. Прапаў брат у вайну, думалі, жывого німа. А ён з Англіі пісьмо прыслаў, голас падаў. г.Івацэвічы.
ПАДАГНУЦЬ (ПАДТУЛІЦЬ) ХВАСТА. 1. Спалохацца. Герой над жонкаю, а як сілу пачуў – сын пачаў за мацяру заступацца – то падагнуў хваста. Хрышчонавічы Квас. 2. Адчуць безабароннасць, не мець заступніцтва. Ні стало мужыка, то падагнула хваста. А то была што-то я – мужык брыгадзір. Любішчыцы Люб.
ПАД АДКРЫТЫМ НЕБОМ. На двары. У вайну ў канцлагяры нямецком быў. Тыдзянь пад адкрытым небом трымалі. А восянь, дождж, памятаю, церусіў. То многія і ні дачакаліся тых баракоў. г.Івацэвічы.
ПАДАЦЬ АД ВЕТРУ. Аслабець. Так занядужаў пасля хваробы, што ад ветра падаў. Аўсто Стайк.
ПАДАЦЬ (УПАСЦІ) ДУХОМ. Зняверыцца. Мая маці зусім духом упала. І здароўя німа, і ў гаспадарцы непарадок. г.Косава.
ПАДАЦЬ З НЕБА. Давацца дарэмна. Мой зяць лічыць, што мне падае з неба: сала дай, мяса дай, грошай дай. А ў мяне яшчэ меншых двоя вучыць трэба. Альшаніца Квас.
ПАДАЦЬ З НОГ. Знясілець, змарыцца. Аўтобуса ні было, думаю, пешкі зайду дахаты. Што тут гэтыя 12 кіломятроў? Ой, то зусім даўся. Ледзьве прышоў, падоў з ног. Заполле Кос.
ПАДАЦЬ (УПАСЦІ) НА КАЛЕНІ. Прыніжана прасіць. Парцізаны прышлі і ад дзяцей паследню кароўку забралі. На калені падоў, прасіў. Ні пашкадавалі. Заполле Кос.
80 👁