уступалі. А зараз нікому гэтая зямля не трэба, бяры, колькі хочаш. Була Міл.
НІ РЫБА НІ МЯСО. Так скажуць пра чалавека, які нічым не выдзяляецца. Твой, Алена, мужык ні рыба ні мяса. Разом кароў пасвілі, то ад мяне за паўвярсты садзіўся. Баяўся ён мяне, ці шчо? Альба Квас.
НІ САБЕ НІ ЛЮДЗЯМ. Нікому. Ні сабе ні людзям, лепш згнояць гэту салому. Лазаўцы Міл.
НІ САЛО НІ МЯСО. Ні сёе ні тое; безаблічны. Ні паймеш, на каго ўдаўся. Адным словом – ні сала ні мяса. Альшаніца Квас.
НІ САМОМУ (САМОЙ, САМІМ) ПАГЛЯДЗЕЦЬ (ПАДЗВІЦЦА) НІ ЛЮДЗЯМ ПАКАЗАЦЬ. Так скажуць пра чалавека, які не вызначаецца ні розумам, ні знешнасцю. Але так жартам кажуць і пра няўдалую пакупку: непрыгожую сукенку, хустку і г.д. Да арміі да мае дачкі хадзіў, а прывёз жонку стуль, дзе служыў. Божа, ні самому паглядзець ні людзям паказаць: малая, рыжая, шчо ён у ёй знайшоў? Альшаніца Квас.
НІ СВАТА НІ БРАТА. Ставіцца непаважліва да іншых. Прышоў з цюрмы, то мацюкі гне направо і налево. Ні глядзіць ні свата ні брата. Аж брыдко. Заполле Кос.
НІ СВЕТ НІ ЗАРА. Вельмі рана. Унуку пяць гадоў. З вечара ляжа, выспіцца. А ўстаня ні свет ні зара – гуляй з ім, вядзі кароўку паказвай да курачок. Мілейкі Міл.
НІ СЕЛА НІ ПАЛА. Адразу, неспадзявана. Ні з таго ні з сяго, ні села ні пала – вызвярыўся на мяне. Я, бачыця, грошы ў яго з кішэні ўзяла. Ні трэба мне яго грошы і ні трэба ён мне сам. Верашкі Квас.
НІ СКЛАДУ НІ ЛАДУ. 1. Няма толку. Дачка трэці год замужом жыве, а ў сям'е ні складу ні ладу. Мучаяцца адно. Була Міл. 2. Пра непрывабнага, няскладнага чалавека. І рукі, і ногі, і вочы – усё ў гэтой дзеўцы е. А гляняш – ні складу ні ладу. Заполле Кос.
89 👁