НЕ МЁД. Мала прыемнага. У мяне работа не мёд: на торфабрыкетном заводзі раблю. Пылу – ні прадыхнуць. Памыюся, выйду, кашляну, то чорныя згусткі з рота вылятаюць. Няхачава Стайк.
НЕ МІНУЦЬ РУК. Пра ўкрадзенае. Хацелі клуба агарадзіць. А то ж нехто ўночы ўкраў шчыкеты. Усе кажуць, што яны не мінулі Раманавых рук. Стайкі Стайк.
НЕМЦЫ Ў ХАЦІ. Г.зн. нелады ў сям'і, сварка, калі муж і жонка доўгі час маўчаць. Зайшоў да суседа, а ў іх немцы ў хаце. Маўчаць, як вады ў рот набралі. Заполле Кос.
НЕ МЫЛЬСЯ, ГАЛІЦЦА НЕ БУДЗЯШ. Тое, што чалавек задумаў, не будзе здзейснена, бо гэта непрыймальна для іншых людзей. Ты мяне не купіш, так што не мылься, галіцца не будзяш. Гошчава Стайк.
НЕМЯРАЙ ПАЙСЦІ. Парушыліся законы чалавечага сужыцця. Свет немярай пайшоў. Столькі брыдоты паказваюць па тэлевізары, косы дыбом устаюць. г.Косава. Немера – балоцістая ўпадзіна ў непраходным лесе.
НЕ НА НОЧ КАЖУЧЫ. Гаварыць пра што-небудзь страшнае, непрыемнае. Не на ноч кажучы, у яго страшная хвароба. І німа каму памагчы, бо ўсе дзеці далёко. г.Івацэвічы.
НЕ НА ПАЖАР. Няма патрэбы ў спешцы. Куды ты прэшся гэдак? Растрасеш нас, старых. Не на пажар едзям. Размеркі Стайк.
НЕ НА ТАГО (НЕ НА ТУЮ) НАПАЎ (НАРВАЎСЯ). Памыліцца, недаацаніць кагосьці. Не на таго ты нарваўся, я маўчаць табе не буду. Усім раскажу: ты ўкраў ровара ў Баравіковых. Заполле Кос.
НЕ НУКАЙ, НЕ ЗАПРОГ. Пра прыспешванне да працы. Ты чаго мяне падганяяш? Не нукай, не запрог, як магу, так і раблю. Мілейкі Міл.
80 👁