НА ХВАРОБУ. Зусім не патрэбны. Сусед прынёс граблі. Кажа, дай на бутылку і бяры сабе. А на хваробу яны мне? У мяне каровы німа, сено грабці ні трэба. Скураты Квас.
НА ЧОРНЫ ДЗЕНЬ. На цяжкі час. Я на чорны дзень капейку хаваю, як даўней бацько хаваў жыто. Альба Квас.
НА ЧОРТА ПАДОБНЫ. Непрыгожы. Суседка з цаліны мужыка прывязла. Здэцца, і неблагі чалавек, але на чорта падобны. г.Івацэвічы.
НА ЧУЖОМ ГАРБУ ЕХАЦЬ. Карыстацца чужой працай. Ты ўсё жыццё на чужом гарбу едзяш, дзіво што здаровы. Зроду нідзе ні ператаміўся, ні паспяшаў. Прасядзеў сорок гадоў у канторы. г.Косава.
НА ЧЫМ СВЕТ СТАІЦЬ. Моцна лаяць, праклінаць і пад. Ні разабралася, хто па трускаўкі лазіў, да майго хлопца кляне на чым свет стаіць. Кажу: кляні і сабе бяры, бо яго душа нявінная. Стайкі Стайк.
НА ШЫРОКУ НОГУ. Жыць у роскашы. Хлопяц у Польшчу ездзіць, спакойны, ні п'яніца. Добрыя грошы прывозіць. Жонка прывыкла на шыроку ногу жыць. Ні ведая, што на сябе чапляць. Ні цэніць яго, ні ведая, як яму тыя грошы дастаюцца. Шкада мужчыны. Заполле Кос.
НЕ АДАРВАЦЬ (НЕ АДВЕСЦІ) ВАЧЭЙ. Не пераставаць любавацца. Эх і ладная дзеўка ў Мікалая, не адвесці вачэй: і красою, і розумом не абдзеляна. Размеркі Стайк.
НЕ АД ДАБРА. Не па сваёй волі, так склаліся абставіны. Не ад дабра ён паехоў на цаліну. Паехоў шукаць кусок хлеба. Дома яшчэ пяцёро дзяцей засталосё. Стайкі Стайк.
НЕ АДМАЛІЦЦА, НЕ АДХРЫСЦІЦЦА. Цяжка адчапіцца. Прычапіўся да мае дачкі гэты пакіданяц: не адмоліцца, не адхрысціцца ад яго. Альшаніца Квас.
97 👁