НАРАДЗІЦЦА ПАД ПЛАНІДАЙ. Г.зн. у кожнага свой лёс. Ні плач, пад такою, значыць, ты планідаю нарадзілася. Размеркі Стайк.
НАРАДЗІЦЦА Ў САРОЧЦЫ. Быць шчаслівым. Пра яго ўсе кажуць: ён у сарочцы нарадзіўся. Яму ва ўсём шанцуя. Гошчава Стайк.
НА РАДУ НАПІСАНО. Лёсам прадвызначана, наканавана. Што на раду напісано, ад таго ні ўцячэш. Як згарэць, то згарыш, як утапіцца, то ўтопішся. Квасевічы Квас.
НА РАЖНЕ БАЧЫЦЬ. Жадаць зла, радавацца чужой бядзе. Ведаю я тваю дабрыню, ты мяне на ражне бачыла б. Альшаніца Квас.
НА РАЗ УКУСІЦЬ. Трошкі. Што ты там такое смачнае ясі? Дай і мне на раз укусіць. Яглевічы Ягл.
НА РУКАХ. На ўтрыманні. Засталася пасля вайны ўдавою з чатырма дзецьмі на руках. Заполле Кос. Несці адказнасць. На маіх руках уся гаспадарка трымаяцца. Альшаніца Квас. Памерці ў прысутнасці кагосьці. На маіх руках мама памярла. Бялавічы Кос.
НА САБЕ КОСЫ ДРАЦЬ (РВАЦЬ). Мучыцца ад роспачы, ад бяссілля перад бядою. Сына трактар пераехоў, то косы на сабе драла. Альшаніца Квас.
НА САЛОМІ СПАЎ, ПАЗУРАМІ ЧУХОЎСЯ. З простай сялянскай сям'і. На саломі спаў, пазурамі чухоўся, а зара пана з сябе строіць. Хрышчонавічы Квас.
НА СВАЕ ВУШЫ. Асабіста (чуць). На свае вушы чуў, што нашу бальніцу закрыюць. І як мы будзям дабірацца да Вацэвіч? г.Косава.
НА СВАЁЙ ШКУРЫ. Адчуць, паспытаць, зведаць на сабе. Як на сваёй шкуры ні паспытаяш, то нічому ні навучышся. Размеркі Стайк.
НА СВАЁМ ХЛЕБІ. Матэрыяльна ні ад кога не залежаць. Жыву на сваём хлебі. Нікому ні кланяюся. Грыўда Міл.
93 👁