НА КАНЕ І ПАД КАНЁМ. Так скажуць пра чалавека, які быў у розных сітуацыях. Ён чалавек біты, быў на кане і пад канём. Харошча Міл. НА КАПЕЙКУ ВЫПІЎ, НА РУБЕЛЬ ЗАДАЕЦЦА. Чалавек, які любіць пакрасавацца, пахваліцца, пазадавацца. Бач ты яго: на капейку выпіў, на рубель задаецца. Ідзе па гуліцы, то і здрастуй сказаць ні хоча. Бялавічы Кос. НА КАРАЧКАХ. На руках і нагах. Так напіўся пасля палучкі, што дахаты на карачках поўз. г.Івацэвічы. НА КАСЦЯХ. Не шкадуючы людзей. Дзядзько мой казаў, а ён у сталінском лагеры дзесяць гадоў прамучыўся: “Уся гэтая ўласць на касцях пабудавана”. г.Косава. НАКЛАДВАЦЬ (НАЛАЖЫЦЬ) НА СЯБЕ РУКІ. Канчаць жыццё самагубствам. Прышоў без ног з вайны. Бацькі паўміралі, ні было да каго прыхіліцца, то рукі на сябе наклаў. г.Івацэвічы. НА КОРАНІ. Нязжатае (пра збожжавыя расліны). Як выязджалі ў бежанство ў Расію ў 1915 гаду, то грэчка на корані засталася. Так яна і прапала. Скураты Квас. НА КОРАНЬ НАСТУПІЦЬ. Затрымацца. Мой сёні пад ранок прышоў: на корань, мусіць, сабе наступіў. Альшаніца Квас. НА КРАЙ СВЕТУ. Вельмі далёка. Забралі ў армію, то завязлі на край свету. Ажно на Чукотцы служыў. Скураты Квас. НА КРЫВОЙ КАБЫЛІ НІ АБ'ЕДЗЯШ. Так скажуць пра хітрага чалавека. Мой сват кладаўшчыком у калхозі рабіў, у яго нястачы зроду ні было. Яго на крывой кабылі ні аб'едзяш. Мілейкі Міл. НАЛАВІЦЬ РЫБЫ. Усцацца (пра дзіця). Памятаю, малым быў, то ўсё дзед пытаўся: “Ну, жулік, прызнавайся: сёні рыбы налавіў?” Альшаніца Квас.
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знакі націску, каб словы лепш знаходзілася праз пошук.
140 👁