Старонка 39
◀ / 274 ▶
В ВАГА ж. Кол для падважвання. Не бяры на пуп, а вагаю падваж дзеравіну. Юкавічы Стайк. ВАДЗІЦЬ незак. дзіц. Весці, кіраваць гульнёю. Гэтым разом вадзіць будзя Антон. Заполле Кос. Давайця палічымся, каб ведаць, хто будзя вадзіць. Альшаніца Квас. ВАДЗЯНАЯ КАЛЯДА ж. абрад. Свята, якое адзначаецца 6 студзеня ст.ст.; Вадохрышча. На Вадзяную Каляду вараць квас, куццю, пякуць ламанцы, ядуць адно поснае. Гэто бедная Каляда. Альшаніца Квас. ВАДЗЯНАЯ КРАПІВА ж. бат. Расліна. Расце ў вадзе, апячэшся ёю, усё цело чырвонымі плямамі пакрыяцца, пачне свярбець. Заполле Кос. ВАДЗЯНЫ ПЕРАЦ м. бат. Драсён вадзяны. Вадзяны перац расце па нізкіх месцах, цвіце дробненькім цветом, зеленавато-белым. Бялавічы Кос. ВАЗАВОЕ н. устар. Плата за дровы. Даўней плацілі вазавое. Пры Польшчы за воз бярозавых дроў плацілі 3 злотыя, за сасновыя – 2 злоты. Заполле Кос. ВАЙЦЯЦЬ незак. Выказваць незадавальненне ўчынкам ці паводзінамі іншых. Карыто свіням ні зрабіў, то жонка цэлы дзень вайцяя. Гошчава Стайк. ВАЛАН м. крав. Фасон пашыву адзення з абручамі. Спаніца называлася валан. Шылі яе доўгую, шырокую, з абручамі пасярэдзіні. Ад мамы свае чула, што такія спаніцы насілі. Альшаніца Квас. ВАЛАСНІК м. ветэр. Выступ з доўгай шэрсцю на назе каня ззаду над капытам. Вазьмеш за валаснік, і конь адразу ногу падымя. Заполле Кос. ВАЛАЧОНАЕ н. абрад. Велікоднае яйка. Хадзі, Верка, валачонае дам. Альшаніца Квас. ВАЛЁМ м. Палеглы лес. Бура прайшла – адзін валём. Альшаніца Квас.
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знакі націску, каб словы лепш знаходзілася праз пошук.
80 👁
◀ / 274 ▶