Пасці тады, як няма яды. Лушчык В.І., 1930 г.н., 2001. Альшаніца Квас.
Пасціць — захоўваць пост.
— Па чыё, воўча, ідзеш? — Па сірочае і па ўдовіна. Емяльянчык В.А., 1957 г.н., 2013. Івацэвічы.
"Воўк ведая, дзе гаспадарка бясь пільнага вока гаспадара, туды й кіруя. Нідзе не шанцуя беднай сіраце і ўдаве, усе беды сыплюцца на йіх" (тлум. інф.).
Пашкадаваў воўк кабылу — пакінуў хвост ды грыву. Зайка Ф.Я., 1907 г.н., 1985. Заполле Кос.
Пра крывадушнага, помслівага чалавека: на словах шкадуе, а цішком кусае.
Пашлі дурное, а за ім другое. Зайка Ф.Я., 1907 г.н., 1980. Заполле Кос.
Так кажуць пра таго, хто не можа справіцца з простым заданнем.
Першая жонка ад Бога, другая — ад людзей. Лушчык В.І., 1930 г.н., 2001. Альшаніца Квас.
"Першая жонка богом, лёсом наканавана, а другую людзі пасваталі" (тлум. інф.).
Пі, піяка, пі, на старасць торба і кій. Мінчук П.І., 1918 г.н., 2005. Стайкі Стайк.
Гарэлка прыводзіць да бяды, жабрацтва.
Пісаў пісака — не прачытае сабака. Трында У.Р., 1933 г.н., 1989. Заполле Кос.
Пра таго, хто мае непрыгожы почырк, піша неахайна, брудна.
Піць пі, але розуму не прапівай. Макарэвіч Т.І., 1935 г.н., 2011. Галенчыцы Ягл.
Ва ўсім трэба ведаць меру.
Плакаў Якаў — усё Бог адзінакаў, а як стаў спяваць, то й стаў Бог даваць. Зайка Ф.Я., 1907 г.н., 1980. Заполле Кос.
Парада нават у самых цяжкіх жыццёвых абставінах захоўваць аптымізм.
Плач, галасі, а рады не дасі. Мінчук М.Дз., 1930 г.н., 1997. Галенчыцы Ягл.
96 👁