Грэчка, як авечка: альбо пашанцуе, альбо не. Бялевіч А.А., 1944 г.н., 2006. Мілейкі Міл.
"Гэто прымаўка пчаляроў. Як павядуцца авечкі, то поўны хлеў. Кап пчолы ўзялі добры ўзяток, то трэба, каб было сонцо, і трохі хмурыласё, прыпарвало" (тлум. інф.).
Гукаць — не стукаць. Лушчык А.І., 1953 г.н., 2002. Альшаніца Квас.
"Съпявацъ — ні цэпом махаць" (тлум. інф.).
Гулі не аднаго ў лапці абулі. Мінчук П.І., 1918 г.н., 2005. Стайкі Стайк.
Гулі — гулянка, вечарынка, танцы. "Гуляка — гультай, ні любіць працаваць. І на боты яму ні ўзьбіцца, век будзя ў лапцях хадзіць" (тлум. інф.).
Гультай за работу — мазалі за рукі. Лушчык В.І., 1930 г.н., 2001. Альшаніца Квас.
У гультая рукі далікатныя.
Гультаю заўсёды свята. Міхнюк Г.Ф., 1942 г.н., 2002. Размеркі Стайкі.
Гультаю ніколі работы няма. Лушчык В.І., 1930 г.н., 2001. Альшаніца Квас.
Гумно плача без гаспадара, а хата без гаспадыні. Грудавы Р.А., 1904 г.н., 1984. Бялавічы Кос.
"Начальніком у гумне, дзе захоўваяцца збажына, — мушчына, а ў хаці камандуя жанчына" (тлум. інф.).
Гуртам і бацьку лягчэй біць. Максімчык В.У., 1933 г.н., 2002. Бялавічы Кос.
Любую работу лягчэй гуртам, грамадой рабіць.
а) Гуртам і ў бядзе лягчэй. Суцько М.Д., 1925 г.н., 2003. Була Міл.
Гушча дзяцей не разганяе. Лушчык В.І., 1930 г.н., 2001. Альшаніца Квас.
"Достаток у хаці сям'ю гуртуя, а беднасьць застаўляя шукаць кусок хлеба далёко ад дому" (тлум. інф.).
Гэта не голад, калі аўсяная луста ў торбе. Зайка А.П., 1911 г.н., 1982. Заполле Кос.
"Які п хлеб ні ляжаў на стале, гэто ўжэ ні голад" (тлум. інф.).
126 👁