Не ліжы таўкача – цешча лысая будзе. Шыманчык А.П., 1941 г.н., 2001. Скураты Квас.
Жартоўная прыкмета, жартоўнае папярэджанне.
Не наеўся – не наліжашся. Зайка Н.П., 1944 г.н., 1986. Заполле Кос.
«Ні пасьпеў зрабіць за дзень, а ўжэ цямнея. Чалавек сьпяшаяцца, з усяе сілы стараяцца закончыць. І, бачна, – ні пасьпея. Тады яму скажуць: “Ні наеўся – ні наліжасься. Заўтра будзя дзень”» (тлум. інф.).
Не праганяю, але проша вон. Зайка Ф.Я., 1907 г.н., 1980. Заполле Кос.
Так жартоўна кажуць таму, хто заседзеўся ў гасцях.
Не той чарвяк, што мы ямо, а той, што нас есць. Жылка І.С., 1947 г.н., 1999. Заполле Кос.
Жартуюць, калі ў садавіне пападзецца чарвяк.
Ні самому падзьвіцца, ні людзям паказаць. Міхнюк Г.Ф., 1942 г.н., 2001. Размеркі Стайк.
“Пра няўдалую, непрыгожую жонку, нявестку” (тлум. інф.). Падзьвіцца – паглядзець.
Нічога, што сыраватае, у жываце даварыцца. Казімірчык А.П., 1928 г.н., 2001. Скураты Квас.
Так кажа непераборлівы ў ежы чалавек.
Нос свярбіць – гарэлку чуе. Лушчык І.І., 1928 г.н., 1990. Альшаніца Квас.
Жартоўная прыкмета.
Няма лепшага зелля, як жонка на пахмелле. Лушчык В.І., 1930 г.н., 1985. Альшаніца Квас.
Так жартуюць мужчыны пасля ўчарашняй бяседы.
Няма хлеба, то будзем аладкі есці. Лісок М.І., 1932 г.н., 2002. Альшаніца Квас.
Жартоўнае выказванне, поўнае аптымізму.
Няхай лепей жывот лопне, чым дабро прападзе. Ганчарэня Л.А., 1947 г.н., 1999. Заполле Кос.
80 👁