Байструк — божы струк, не хадзі на поле, бо бадзяк заколе. Лунь К.І., 1924 г.н., 2002. Заполле Кос.
Байструк — пазашлюбнае дзіця.
Без бульбы няма ходу, толькі жывот як калода. Зайка Ф.Я., 1907 г.н., 1985. Заполле Кос.
“Хоць жывот вялікі, беларусу бяз бульбы ніяк нельга жыць” (тлум. інф.).
Без драбіны ўсе чэрві з яблыні пазбірае. Лушчык В.І., 1930 г.н., 2001. Альшаніца Квас.
Пра высокую жанчыну.
Без падмазкі і без краскі, як кабылка без хваста. Лушчык В.І., 1930 г.н., 2002. Альшаніца Квас.
З пэўнай доляй гумару так кажуць пра маладзіцу, якая не абыходзіцца без касметыкі.
Без стуку, без груку павезлі як суку. Лушчык В.І., 1930 г.н., 2000. Альшаніца Квас.
“Суседка замуж дачку аддала, безь вясельля, бо радзіць пара, то бяс стуку, бяз груку павязьлі як суку” (тлум. інф.).
Белых блох наеўся ды лёг, а чорны блох — усё “трох” ды “трох”. Лушчык В.І., 1930 г.н., 2002. Альшаніца Квас.
“Белыя блохі — гэто картоплі, чорны блох — гэто блохі. Тут: наеўся картоплёў ды лёг атпачыць, адна бяда — блохі кусаюць” (тлум. інф.).
Бі сваіх, каб чужыя баяліся. Рабчэня У.І., 1940 г.н., 1999. Заполле Кос.
Так жартам кажуць, калі б’юцца паміж сабою сваякі ці аднавяскоўцы.
Бульба смажана, пячона, бульба сёння, бульба ўчора. Шашук Ф.С., 1922 г.н., 2001. Руда Падст.
Бывае, і каўбаса страляе. Зайка Ф.Я., 1907 г.н., 1980. Заполле Кос.
«Ехоў чалавек поначы с Косава. А дарога ішла празь лес. Выйшлі бандзіты: “Давай, дзядзько, грошы!” А ён палез у торбу, дастаў каўбасу, што купіў у косаўскаго жыда, наставіў: “Цякайця, а то страляць буду!” Перапалохаліся тыя ды ходу. А дзядзько прыехоў дахаты ды кажа: “Бывая, і каўбаса страляя”» (з аповеду інф.).
85 👁