ЖАРТЫ, КАЛАМБУРЫ, ПРЫГАВОРКІ
Або грай, або грошы аддай. Рабчэня У.І., 1940 г.н., 1986. Заполле Кос.
Так кажуць ляніваму музыку.
Або сяк, або так, няхай будзе з рыбы рак. Голуб І.В., 1931 г.н., 1998. Скураты Квас.
Пра згодлівага чалавека, зычлівага, што любіць пажартаваць.
Абы ў цягнік трапіць, а месца знойдзецца. Міхнюк Г.Ф., 1942 г.н., 2001. Размеркі Стайк.
Так кажа чалавек, поўны аптымізму, які ніколі не траціць надзеі на станоўчае развязанне справы.
Ад капусты трыбух тлусты, ад бацвіння – пасі свіння. Лушчык В.І., 1930 г.н., 1985. Альшаніца Квас.
“Капусту вараць з затаўкай, а бацьвіньня – поснае. Вось і пасылаюць пасьвіць сьвіньня, кап было чым закрасіць і бацьвіньня” (тлум. інф.). Бацвінне – страва з лісця сталовых буракоў.
“Адкуль, дзеўка?” – “З Цягуж”. – “А замуж хочаш?” – “Чаму ж”. – “А кросны ткаць умееш?” – “Цьфу ты, ліха прычапілася”. Грудавы Р.А., 1904 г.н., 1984. Бялавічы Кос.
Адразу з’ямо тваё, а потым кожны сваё. Ціток І.І., 1951 г.н., 1996. Заполле Кос.
Так жартуюць, калі гуртам выконваюць якую-небудзь працу, а пад час абеду садзяцца есці ўзятае з дому.
“А можа?” – “Можа надвое варожа”. Казімірчык А.П., 1928 г.н., 2001. Скураты Квас.
У кожнай справе не варта спадзявацца на шанцаванне.
“А ці добра было ў гасцях?” – “Ой, добра. Усяго было: і піці, і есці – толькі прымусу не было”. Шчурко Ф.А., 1926 г.н., 1999. Заполле Кос.
84 👁