Хлопец як пастол, а вядзі яго за стол. Лушчык В.І., 1930 г.н., 2001. Альшаніца Квас.
"Хоць брыткі хлопяц, а май павагу, бо гэто хлопяц, можа, яшчэ й замуж за яго пайдзеш" (тлум. інф.).
Хоць благое плецянішка, але за ім зацішка. Лісок Л.І., 1951 г.н., 2002. Заполле Кос.
Благі — стары, паношаны; благі (пра чалавека) — кволы, нядужы. Плецянішка — паліто. "Хоць старое паліто, але ратуя ат холаду; хоць благенькі мужык, а жонцы заступца" (тлум. інф.).
Хоць гаршком называй, толькі ў печ не стаўляй. Шаўкун М.У., 1936 г.н., 2003. Кушняры Падст.
"Называй, як хочаш, языком шкоды вялікай ні зробіш — перацярплю" (тлум. інф.).
Хоць дрыжу, але гонар дзяржу. Лушчык В.І., 1930 г.н., 2001. Альшаніца Квас.
"Пра чалавека, які апрануўся для хворсу, не па пагодзі" (тлум. інф.).
Хоць за вала, абы дома не была. Мінчук П.І., 1918 г.н., 2005. Стайкі Стайк.
Калі дзяўчыне мінула пара выходзіць замуж, то жаніхоў не выбіраюць, ідуць за таго, хто пасватаўся.
Хоць за зайца, абы яйца. Лушчык В.І., 1930 г.н., 2001. Альшаніца Квас.
Так кажуць пра дзяўчыну, якой не церпіцца выйсці замуж, або пра тую, што заседзелася ў дзеўках і жадае пайсці замуж хоць за якога хлопца.
Хоць з вадою, абы не з бядою. Лісок Л.І., 1951 г.н., 2001. Заполле Кос.
"Кап толькі бяды ні было, пражыць можна на вадзе ды хлебі" (тлум. інф.).
Хоць не ўежна, то вылежна. Зайка А.П., 1911 г.н., 1980. Заполле Кос.
"Гультай хоць і не даесьць, але наляжыцца ў ахвоту" (тлум. інф.).
а) Хоць не ўежна, ды ўлежна. Лушчык В.І,, 1930 г.н., 2000. Альшаніца Квас.
"Малы заробак, але й праца лёхкая" (тлум. інф.).
93 👁