"Хвораму чалавеку нічого ні міло, нішто ні радуя, ён думая толькі пра сваю хваробу" (тлум. інф.).
Хворс — свінні пад хвост. Лушчык В.І., 1930 г.н., 2000. Альшаніца Квас.
"Ні трэба хварсіць, слаба апранацца ў марос, а трэба дбаць пра здароўя" (тлум. інф.).
Хіцер Зміцер, але і Саўка не дурань. Зайка Ф.Я., 1907 г.н., 1985. Заполле Кос.
"Кажуць пра хітраго чалавека, які хацеў абдурыць кагосьці, але ні ўдалося, бо патрапіў на кемліваго" (тлум. інф.).
Хлеба перапечка, а дроў поўна печка. Лушчык В.І., 1930 г.н., 2001. Альшаніца Квас.
Каб спячы нават невялікую булачку, трэба ўсё роўна напаліць печ. Часам справа здаецца дробязнай, нявартаснай, але і да яе трэба ставіцца сур'ёзна.
Хлеб будзе — і да хлеба будзе. Лушчык В.І., 1930 г.н., 2001. Альшаніца Квас.
Хлеб не нявестка, які ўдаўся, такі з'есца. Казімірчык А.П., 1928 г.н., 1996. Скураты Квас.
"Нявестка — назаўсёды, а хлеб зьесца, які б ні ўдаўся" (тлум. інф.).
Хлеб сказаў: "Кінеш стрэльбу і вуду — з табою буду". Зайка Ф.Я., 1907 г.н., 1980. Заполле Кос.
"Хлеп патрабуя, кап чалавек аддаваў яму ўвесь час. Калі ж чалавек захопіцца паляўніцтвам ці рыбалоўствам, то хлеба на стале ні будзя" (тлум. інф.).
Хлеб, соль ды вада — уся наша яда. Лушчык В.І., 1930 г.н., 2001. Альшаніца Квас.
Хлеб, соль ды вада — аснова жыцця.
Хлеб-соль еж і праўду рэж. Зайка Ф.Я., 1907 г.н., 1985. Заполле Кос.
Нягледзячы на залежнасць ад працадаўцы, кажы праўду.
Хлопец на кані едзе, а дзяўчына родзіцца і яму згодзіцца. Ціток І.М., 1969 г.н., 1984. Заполле Кос.
Вялікая розніца ў гадах — не перашкода для шлюбу.
98 👁