У сваёй хатцы добра і срацы. Зыбайла С.А., 1909 г.н., 1984. Бялавічы Кос.
У сваёй хаце адчуваеш сябе вольна.
У сваёй хаце і памерці добра. Грудавы Р.А., 1904 г.н., 1984. Бялавічы Кос.
У сваім дварочку, як у вяночку. Лушчык В.І., 1930 г.н., 2001. Альшаніца Квас.
"Німа мілей за свой двор, за сваю хату. Як расьцьвітуць у агароччыку да каля плоту кветкі, то хата як у вяночку стаіць" (тлум. інф.).
У сваркі дрэнны канец. Воўна В.Ф., 1939 г.н., 2003. Заполле Кос.
"І аднаму, і другому кепско, у сварцы німа пераможцоў" (тлум. інф.).
Усё добра, што ў меру. Мікалайчык Л.А., 1930 г.н., 2004. Боркі Падст.
"Ва ўсім чалавек павінен ведаць меру: вада — і дабро, і ліхо, агонь — і дабро, і ліхо, гарэлка — і дабро, і ліхо" (тлум. інф.).
Усё роўна рот разяўляць, чым плакаць, лепш спяваць. Лушчык В.І., 1930 г.н., 2001. Альшаніца Квас.
Так суцешыць засмучанага вясёлы, жыццярадасны чалавек.
Усім добры не будзеш. Лушчык В.І., 1930 г.н., 2002. Альшаніца Квас.
а) Усім не дагодзіш. Макарчэня М.М., 1934 г.н., 2002. Заполле Кос.
б) Усім сам Бог не дагодзіць. Лісок Н.В., 1929 г.н., 2002. Альшаніца Квас.
Усім не надаешся. Доўжык В.Ф., 1906 г.н., 1985. Заполле Кос.
"Усім хочацца памахчы, але ж махчымасьці німа" (тлум. інф.).
У сіроцтве жыць — слёзы ліць. Зайка А.П., 1911 г.н., 1985. Заполле Кос.
Сірочая доля горкая.
У скорага на пупе, у вялага на дупе. Лушчык В.І., 1930 г.н., 2001. Альшаніца Квас.
"У быстраго, хапаткого да працы чалавека — кіла, у гультая ат седні срака баліць" (тлум. інф.).
102 👁