У каго родна матка, у таго галоўка гладка. Хацімка К.П., 1891 г.н., 1974. Гошчава Стайк.
Родная маці песціць і клапоціцца пра дзіця.
У каго сіла, у таго і праўда. Зайка Ф.Я., 1907 г.н., 1980. Заполле Кос.
Хто мае ўладу — з тым праўда. Выслоўе з горкага жыццёвага досведу.
У каго язык крывы, у таго гаворкі многа. Лушчык В.І., 1930 г.н., 2001. Альшаніца Квас.
Так смяюцца з гаркавага (картавага) чалавека.
У камень страляць, толькі стрэлы псаваць. Собаль К.С., 1912 г.н., 1984. Бялавічы Кос.
Дурнога, упартага чалавека не пераканаць.
У каровы малако на языку. Грудавы Л.М., 1968 г.н., 1984. Заполле Кос.
У кожнага свая натура. Зайка А.П., 1911 г.н., 1980. Заполле Кос.
У кудасу добры гаспадар сабаку з двара не выгане. Пястрак С.Д., 1907 г.н., 1984. Бялавічы Кос.
Кажуць таму, хто ў непагадзь збіраецца нешта рабіць.
Укусіў бы сябе за локаць, ды не дастаць. Зайка А.Ф., 1948 г.н., 2001. Заполле Кос.
Так кажа чалавек, які раскайваецца ў тым, што зрабіў.
У ліхога бортніка і мёд горкі. Лушчык І.І., 1928 г.н., 1983. Альшаніца Квас.
Пра помслівага, ліхога чалавека.
У людзей многа дроў, ды гараць, а ў мяне адно, ды не хоча гарэць. Зайка А.П., 1911 г.н., 1980. Заполле Кос.
Пра незайздросны лёс адзінокага чалавека.
У людзях і я чалавек. Лушчык В.І., 1930 г.н., 2001. Альшаніца Квас.
Так кажа чалавек, які ў сям'і не карыстаецца павагай.
96 👁