«Так кажуць даросламу, які робіць альбы-што, як дзіця» (тлум. інф.).
У добрага мужа і варона жонка. Зайка А.П., 1911 г.н., 1980. Заполле Кос.
«Як акуратны, разумны мужчына, то ніколі ні будзя перад людзьмі брыдзіць жонку, якая б яна ні была» (тлум. інф.).
У добрай гаспадыні ёсць масла і сала ў скрыні. Зайка А.Ф., 1937 г.н., 2005. Косава.
Сапраўдная гаспадыня ашчадная і запаслівая.
У добры час сказаць, а ў ліхі памаўчаць. Івановіч Г.К., 1919 г.н., 2001. Халап'я Падст.
Асцярожнасць ніколі не пашкодзіць.
У дождж касі — пагодаю грабці будзеш. Зайка Ф.Я., 1907 г.н., 1985. Заполле Кос.
«Касіць можно і ў дошч, а грабці толькі пагодаю» (тлум. інф.).
а) Хто ў дождж косіць, той у пагоду грабе. Лушчык І.І., 1928 г.н., 1985. Альшаніца Квас.
У дурнога салаўя дурная песня. Лушчык В.І., 1930 г.н., 1995. Альшаніца Квас.
«Неразумны чалавек нічого добраго ні скажа, ад яго нічого вартаго ні пачуяш» (тлум. інф.).
У каго густа, у каго пуста. Зайка А.П., 1911 г.н., 1980. Заполле Кос.
Часам вынік працы не залежаў ад асабістых якасцяў працаўніка, але ад прыродных з'яваў.
У каго дочкі, у таго маці без сарочкі. Лушчык В.І., 1930 г.н., 2001. Альшаніца Квас.
«Бо маці ні думая пра сябе, а дбая, каб дочкі мелі багаты пасах, усё стараяцца для йіх» (тлум. інф.).
а) У каго дочкі, будзе лапіць сарочкі. Собаль К.С., 1912 г.н., 1975. Бялавічы Кос.
У каго згуба, у таго граху поўна губа. Воўна В.Ф., 1939 г.н., 2000. Заполле Кос.
«Украдзя ў цябе нехта, а ты ў галаве перабіраяш, думаяш пра многіх. Яшчэ горш, клянеш людзей, якія не вінаваты душою, бяручы грэх на сваю душу» (тлум. інф.
130 👁