У Бога дзён многа. Бялевіч І.М., 1920 г.н., 1995. Даргужы Міл.
Так кажуць таму, хто прыспешвае ў рабоце.
У Бога няма парога. Лушчык В.І., 1930 г.н., 2002. Альшаніца Квас.
Адказ на заўвагу, што нельга здароўкацца цераз парог.
У Бога ўсяго многа. Бахур І.В., 1925 г.н., 2001. Боркі Падст.
Увесь век чыста хадзіць не будзеш. Івановіч Г.К., 1919 г.н., 2001. Халап'я Падст.
Жыццё — не свята, давядзецца і забрудзіцца, запэцкацца.
У вочы ліском, а за вочы пяском. Мінчук П.І., 1918 г.н., 2005. Стайкі Стайк.
Ліском — лісьліва. "Будзе лісьліва паглядаць табе ў вочы, а на людзях бэсьціць" (тлум. інф.).
У гасцях добра, а дома лепей. Бахур І.В., 1925 г.н., 2001, Боркі Падст.
Так кажуць, вярнуўшыся з гасцей.
У гультая рукі не баляць. Мінчук П.І., 1918 г.н., 2005. Стайкі Стайк.
Уданы як запраданы. Воўна В.Ф., 1939 г.н., 2003. Заполле Кос.
Уданы — абгавораны, абылганы, той, на каго ўзвялі паклёп.
Удаўцова сэрца, як у Піліпаўку сонца. Лушчык В.І., 1930 г.н., 2001. Альшаніца Квас.
Г. зн. халоднае.
Удзень і ўночы не заплюшчваюцца вочы. Хацімка К.П., 1891 г.н., 1974. Гошчава Стайк.
Турботы і ўначы не даюць заснуць.
У дзеўках звекавала, бо кавалераў перабірала. Ткачук Я.В., 1915 г.н., 1996. Міхнавічы Стайк.
У дзіцяці дзіцячы розум. Бакіевіч А.К., 1918 г.н., 2003. Косава.
91 👁