АТВОЙ м. Месца ў рэчцы, дзе пасля якога-н. выступу ў беразе (куст, вялікі корч і інш.) вада цячэ супраць асноўнага цячэння, утвараючы ціхую завадзь. На быстрыні рыба на вуду ні вельмі ловіцца, а ў атвоі — лепш, і прынаджваць можно.
АЧАЙ м. Дзірка ў верхнім камені жорнаў і млына, куды засыпаецца зерне. З ачая ніколі ўсё пад камянь ні выходзіць, са жменя астаецца.
БАБАРУК м. жарт. Падростак, падшыванец.
БАБЗДЫР м. абразл. Мужчына, які ўхіляецца ад мужчынскай кампаніі і больш знаходзіцца ў жаночай.
БАМБЭЛКА ж. Шарык. Усялякіх бамбэлак на ёлку паначаплялі.
БАРБАРА ж. Тоўсты канат з вітак з завостранай палкай на канцы для тармажэння плыта. На шрыгу плыт ставяць ужо як ён спыніцца, а спачатку заднік выскакая на берах і прыпыняя яго барбараю.
БІКАН м. Вялікая выбоіна ў каляіне. На санях много было накладзяно, полас заваліўсё ў бікан, а кабыла як тузянула, дак завярацянь і парваўсё.
БІМБАС м. зневаж. Вялікі гультаяваты падростак. Гэдакі вельківа бімбас вырас, а бацьку ні памагаяш!
БРЫЦА ж. Пустазелле. Расце невысокім кусцікам прадаўгаватых лісточкаў, плод — цыліндрычны касматы каласок на доўгай ножцы. Брыца любіць пяшчаную землю: нават там, дзе пырнік ні хоча расьці, брыца расьце. Яе вельмі любяць авечкі, бо салоткая.
БРЭНЗЬЛІ мн. Махры. Раней да настольнікаў самі рабілі брэнзьлі.
БУГАЕ мн. Буякі. Бугае толькі ў вомшары растуць, а на сухом — не.
БУЙДА ж. Фальшывая вестка. Не, гэто ні праўды, што яго патпалілі, нехто буйду пусьціў: гнаў самагонку і загарэлася хата.
БУЧА ж. Закрыты кошык у выглядзе прадаўгаватага шара з невялікім вечкам. У бучы ні толькі рыбу ў Нёмні навязваюць, але добро і каўбасы на гары трымаць: і праветрываюцца, і катэ ні дастануць.
БЯРАГУЛЬКА ж. Ластаўка, якая робіць гнёзды ў берагах ракі.
ВАЗЮР м. Хлопчык, які любіць многа катацца на санках ці каньках. Вазюр такі, дай санькам аддыхнуць! І самому пара палоднаваць.
82 👁