Вушацкі словазбор Рыгора Барадуліна (2013). Р. І. Барадулін

 ◀  / 390  ▶ 
ганскімі заклёнамі ў «Самоце паломніцтва», «Міласэрнасці плахі», «Евангеллі ад Мамы» аберагае нашу мову, a значыць, i народ. Toe самае ён робіць i ў сваім «Вушацкім словазборы». Я проста купаўся ў чысцюткай, як вушацкае возера Вечалле, беларускай мове, чытаючы рукапіс гэтай кнігі. Колькі слоў, ані ў якіх слоўніках не зафіксаваных. Якое мы да таго, што ёсць, яшчэ багацце маем! Крэў (вывернутае дрэва), начпіцы (бяссонне), недамаўлянкі (намёкі), пярэка (хто ўсім пярэчыць), руя (гайня, чарада). А як граюць, бліскаюць (блісь ды ясь\) гаваркія словы ў прыказках, прымаўках! «У сваёй хаце i качарга маці», «Грэх у мех, а сам наверх», «Язык у роце, як чорт у балоце», «Ён моўча, а дума воўча». Ці якія моўныя россыпы ў запісаных Барадуліным аповедах простых людзей проста пра жыццё: «Кішка ў юшку лезе ад голаду... Жыццё такое: хлеб - госць... Памяць мне заарала (забылася). Гэтак ён ваяваў: акопы рылі, а ён бабам у лапаты ручкі ўстаўляў... Уперад ён піў па дзелу, а пасля так... Хачу дамоў, як вады напіцца...» У Барадуліна болей за дзве сотні нататнікаў з вершамі й самымі рознымі запісамі. Самому яму апрацаваць іх рукі не даходзілі, таму трэба сказаць самыя добрыя словы Наталлі Давыдзенка, якая гэта зрабіла, - i з'явіўся «Вушацкі словазбор». Цуд! Я ўжо неяк пісаў, што Рыгор Барадулін нездарма называв сябе крывічом, бо ўвабраў у сябе ці не ўвесь крывіцкі дух, удыхнуўшы з ім усю мову крывіцкую. Ён адзіны беларускі паэт, які існуе толькі ў мове й выключна ў ёй. Існуе гэткім жа неверагодным цудам, якім сама мова існуе ў пабураным - альбо дасюль не створаным - беларускім свеце. I ў гэтым свеце Барадулін робіць тую працу, якую ў іншых светах робіць народ: мовастваральную. I яшчэ аберагальную, бліскуча скарыстоўваючы й тым самым захоўваючы тое, што народ ужо стварыў i за што некалі скажа дзякуй свайму Паэту. Уладзімір Някляеў
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.

Дадатковыя словы

зявіўся
19 👁
 ◀  / 390  ▶