Куравод — пра пеўня й пра маладога хлопца, ласага на дзяўчат, пра завадзілу. І куравод гэты ўжо дзевак прывёў.
Куракі — вушкі ў лапцях, куды ўдзявалі аборы (вяровачкі), каб забарсаць лапці. Ідзеш балацявінай, курак за курак чапляецца. Лапці лыковыя, і куракі тарчаць.
Курая — гермафрадыт. Андрэй так і астарэў, ня жэнячыся, відаць, ён курая.
Курган — дзялянка, участак. Быў курган лесу, дык яго зрэзалі.
Курдупэпачка — маленькая асоба, як кнопачка. Курдупэпачка такая, а яшчэ звысоку глядзіць.
Куросадзь — курасадня, месца, дзе куры садзяцца нанач. Куры ўжо на куросадзі, а дурны пітух іх па двары шукаіць-гукаіць.
Курта — бясхвостая сучка, караткахвостая; яшчэ — верціхвостка. Была ў суседа сучачка — курта, алі такая ласкавая. З гурту выбіраюць курту.
Куртач — конь без хваста. У Піліпа быў конь куртач, алі такі порсткі.
Кусанік — надкусаны, недакусаны хлеб, пірог. Мне чужых кусанікаў ня трэба.
Кусман — вялікаваты кавалак. Гарэлкі кварту ды сала кусман — і я сабе пан.
Кутнік — крайні зуб; яшчэ — кватарант. Толькі кутнікі яшчэ засталіся, а так у році вецер гуляіць. Яна кутнікаў набрала, на гэтым і жывець.
Кышнуць — прагнаць, папэндзіць. Як кышну — дык разлятуцца, хто куды паспеіць. Як кышну, дык духу-паху твайго ня будзіць тут!
75 👁