Вушацкі словазбор Рыгора Барадуліна (2013). Р. І. Барадулін

 ◀  / 390  ▶ 
Затохнуцца — задыхнуцца. Рыба ў возіры затохлася. Прывёз прадаваць тохлую рыбу, рыбак без кручка ў га лаве. Затравець — парасці травой. Гарод астаўся няпаханы, затравеў увесь. Затула — вялікі фартух, каб затуліцца (звычайна ў рыбакоў скураныя). Яшчэ ў яго рыбацкая затула новая. Затхля — задуха, безвятроўе, бязветрыца. Такая жара, такая затхля стаіць, дыхаць німа чым. Заўдавець — стацца ўдаўцом. I Піліп заўдавеў рана. Заўстрэць — завязнуцъ, засесці. У рэчцы танкі заўстрэлі — танкісты сталі матам лаіцца. Захвэндаць — забрудніць, занасіць да чарнаты. Што ні надзеніць, усё захвэндаіць, такая ўжо хвэнда. Захінуцца— зашпіліцца; яшчэ — схавацца ў ціхае месца. Захініся, а то вецер такі, аментам прахопіць. Выпіла, закусіла, Сама сябе пахваліла. Захінулася ў куток, Па тры чарачкі ў раток. Захмурэць— захмарыцца. Нешта рана захмурэла. Заходнік — сетка лавіць рыбу, таптуха. Адзін заходзіць, a другі заходнік дзяржыць, рыбі й німа куды дзявацца. Захцяначкі — прышчыкі на твары ў падлеткаў. Ускочылі захцяначкі — думай пра наначкі. Зацепла — да халадоў. Добра, што яблыкі зацепла знялі
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.
3 👁
 ◀  / 390  ▶