Егімора, гімора — пачвара; яшчэ — непрыгожая жанчына. Спі, неслух, а то егімора прыдзіць. Анця — гімора чыстая, а глядзі ты, якога хлопца забратала.
Еданіна — ежа, едзіва. Еданіны было — хоць пуза распяражы.
Еджанае — тое, што ўжо елі, спытвалі. Смятана ў слоіку няеджаная, запраўляй халаднік.
Езданіна — язда, паездзіны. Лепі дрэнная езданіна, нячым добрая хаданіна.
Ёменка — бульба на спажытак. Еменка на емя, а семенка на семя.
Ендза — хто енчыць. Ад гэтай ендзы й сам заплачаш.
Енкат — енк. Каго ўжо там б'юць, што енкат такі стаіць?
Есціся — зацята брахаць, звадзіцца. Усю ноч сабакі еліся, не давалі спаць.
Ешчы — добры на ежу. Парасёнак папаўся ешчы, нейкая скварка к зіме будзіць.
Ёкат — екатанне. Хваціла ёкату, пакуль яго ўгаманілі.
Ёлкае — гаркаватае. Леташняя сала ўжо ёлкае, ялчыць на языку.
Ёўня — халодная гаспадарчая будыніна. У хаці, як у ёўні.
Жабурынне — жабіна ікра. У жаб нораст пачаўся, жабурыння поўная сажалка.
Жаласнік — той, хто спачувае, жалее. Жаласніца знайшлася, хочаць заплакаць, ды ня ўмеіць.
87 👁