Гарчавая — гаркаватая. Капусту рана ссеклі, дык яна й гарчавая.
Гарчак — горкі яблык, напой, пах. Адных гарчакоў натры. Гарчаку хлібнуў, аж вочы на лоб палезлі. Перац рассыпала, дык смурод на ўсю кухню — гарчак пашоў такі.
Гарэлішча — пажарышча. На гарэлішчы пра агонь не гаворуць.
Гарэць — цвісці. Агуркі ўжо гараць, самы цвет.
Гасціна — застолле, бяседа, госці. У добрай гасціні душа спачываіць.
Гасціцца — гасцяваць. І жылі мы душа ў душу, гасціліся-радніліся.
Гату — вокрык адпуджвання. Мы на ваўка: гату, гату, а ён хамыль-хамыль і пашоў.
Гаўкала — брахлівы сабака. Ён жа такі гаўкала, ляпа не сцішаіцца.
Гаціць — працаваць. Ён гаціць на іх увесь век.
Гбанікі — палазы ў санках, якія гнуць у адрозненне ад капанікаў. Трэба ўмець выбраць лясіну на гбанікі, каб не сукаватая была.
Гбацца — гнуцца. Нага ня гбаецца, неяк хадзіць.
Гваздкі — гваздзікі. Ужо й гваздкі прабіліся, неўзабаве загарацца.
Геройка — смелая. Ты такой геройкай ня будзь.
Гешэфт — справа, інтарэс. Усё гешэфты нейкія водзіць з ім. (Ад ідыш — здзелка.)
Гібель — шмат, процьма. Сёлета ягад гібель.
Гілець, загілець — гарэць; яшчэ — дужа захацець. Загілеў малец жаніцца, і слухаць нікога ня хочаць. (Адсюль, відаць, і гіль, і карова чырвонае масці — Гілёня.)
74 👁