Галабоні — буякі, дурніцы; яшчэ — п'яніцы. Гэта ўжо галабоня надрузлая, адваленая, такая наспелая сядзіць. Галабоні — п'яніцы гузаватыя!
Галабурда — лухта, несусвеціца. Ён нясець усякую галабурду як наняты.
Галавабой — слізгоцце. Як падмерзніць — галавабой будзіць.
Галавар — кіпень, голы вар. А на снядання галавар.
Галайстра — голь, галеча. І ў Расіі такая галайстра.
Галамызы — бязвусы, з голым тварам. І гэны галамызы жаніцца хочаць.
Галанож — у чаравіках на босую нагу. Пахмяліцца дык галанож прыпёрся.
Галаруч — голымі рукамі. Нёс ваду галаруч, рукавіцы забыўся.
Галасуха — плакса. Я такая галасуха была малая.
Галата — голае месца, поле. Стаяць недзі каровы на гэтай галаце, травы німа.
Галдуечыць — казаць, балбатаць незразумелае. Збяруцца жыды: гылды-гылды, галдуечуць, пакуль языкі не запацеюць.
Галёзаваць — цягацца. Галезаваіць па дарозі, клопату болі ня маіць.
Галень — сшараваны венік, ад якога засталіся адны голыя дубцы. Кінь ты гэты галень, ужо ўшчэнт сшараваўся.
Галець — жыць ў нішчымніцы, не мець чаго абуць, надзець. Пагалела б, тады б знала, а то ей матка прэць і прэць.
Галіна — схільнасць, прызванне. Яго сыны пайшлі па сваей галіне: адзін лекар, а другі начальнік.
80 👁