Ой, дзед, ты мой дзед,
А я твая бабка.
Шануй мяне, вяльмуй мяне,
Каб я была гладка.
Верасянка — гліна, змешаная з верасам. Гліну з дробна пасечаным верасам месяць і з гэтага робяць сцены абораў, хлявоў. ( На Ушаччыне бачыў у Двары Пліна.)
Вернікі — верныя ў каханні, у дружбе. Наша дваіх зэкаў на самалёт правяла, такія яны вернікі — да першай падушкі.
Верхам — мець уладу над некім. Зямля па ім верхам была. Жонка па ім верх паняла. Па ім верхам едуць, як на пастуху.
Верхнік — верхні камень у жорнах. Ніяк не маглі верхнік узвалачы.
Ветрагон, ветрадуй — ветраны, не гаспадар свайго слова, лёгкі на абяцанкі, пустадомак. Ветрагону веры німа, толькі абяцанкі-цацанкі. Разумны ня чуіць, што ветрадуй ветрадуіць. Такі ветрадуй, што божа ратуй!
Відошна — відавочна, яўна. Тут жа відошна сасуды адкрыты. Відошна, што саўсім нядужая.
Вілатая — у два ствалы (як вілы). А ў нас на дворышчы бяроза вілатая стаяла.
Вілачнік — куток каля печы ў парозе, дзе стаяць вілкі, чапёлы, гальні. Пастаў у вілачнік свой кій. У цябе ў галаве, як у вілачніку, усё стоць стаіць.
Вірлун — у каго вочы навыкаце. Маўчыць, вірлун, толькі вірламі варочаіць.
Вірлы, варлы — вочы. Што ты свае вірлы паказеліў — ніхто цябе не баіцца.
84 👁