Вушацкі словазбор Рыгора Барадуліна (2013). Р. І. Барадулін

 ◀  / 390  ▶ 
Доўгі хлопец, хоць сабак вешай. Дзяўчына з кароткай шыяй, як мяшок завязаны. Гэну тону не павернеш (пра таўстуху). Яна здаровая, як ласіца, белая морда — прыгожая баба... Урадная баба (наглядная). Відаць, к ей нейкі начальнік прыходзіў — медаль на грудзях баўтаіцца. Утрэскаўся, як чорт у рабую карову. Маці ездзіла, зыск дзелала, што й дзе. Хто ж гэта першы здумаў (пусціў чутку)? Маці галасіла голасма. Няўжо ён сабе дзеўчыну ня можа знайсці, няўжо на іх звод звёўся (перавяліся)? Цяпер дзеўкі носяць прычоскі, як палонікі (апалонікі), a самі тонкія, як свісцёлкі. Ёй хоць прысаку на пяты насып, усё роўна будзе крычаць «люблю!». Нявогляддзю пойдзіць (без агледзінаў). Дзеўкі аж на лыткі сц.ць — так замуж хочуць. Тая толькі жджэць з арміі, якую не бяруць. Чорная, нялюдская (непрыгожая, нехлямяжая), алі цяпер выладнела. Гадоў пяць яшчэ паялавае, дык ніхто ня возьмець. Шаўчукова ўжо замужніца (выйшла замуж). Прадавала дзявоцкую красату, а купляла жаноцкую ташнату. Добрае прыроддзе: матка-работніца, век не сварыліся; бацька-работнік, нічога ня браў. I не прыгажавітыя — кругам каля маткі зайшлі замуж. У сяле жывуць, a іх жа ніхто замуж не бярэць. A бацька й мяжу закосіць, як косіць, i сена чужое заграбець. У Зараценне на сяло ня ходзяць, i бацька, робяць. Дзе там за вамі згледзіш... Пашоў хлопец у блыт, найшоў гэту сухабздзеліну. Грудзі, як у пітуха калені. Яна, як воўк, такая паджарыстая, даўгалытая
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.
1 👁
 ◀  / 390  ▶