Брандзаваны — у бронзавай аздобе. Конь маляваны, хамут брандзаваны, толькі ў сваты ехаць.
Братавіты — дужа блізкі сябра. Ён мой сябра братавіты, як сабе, веру яму.
Брахлівы — фрывольны. Ад ейных брахлівых песняў аж у пятках колка.
Брацца — адыходзіць. Старыя па адным на той свет бяруцца.
Брацюлечка — ласкавае найменне брата. Спраўляў брацюлечка пярсцёнкі ў горадзі.
Бруд — гной пры нарыве. Скуліна прайшла, а стрыжэнь застаўся, бруд выйдзіць.
Бруёк, бруячок — рабацінне на вадзе. Сягоння бруёк маленькі. Бруячок, як на ляшчу луска.
Брухмень — пузач, брухач, пузацень. Такі брухмень — па зямлі пуза валачэцца.
Брыгаць — патрошку капаць, накрапаць. Дождж брыгаў-брыгаў ды так і не сабраўся пайсці.
Брыдзіцца — гідзіцца, грэбаваць. Я брыджуся такога кавалера, такога п'янюгі.
Брыдзь — брыда, брыдота. Не падыходзь да гэтай брыдзі.
Брызентовікі — брызентавыя пашлапні, туфлі. У брызентовіках добра ад даўгоў уцякаць.
Брызлае — закіслае малако. Вячэрашняе малако брызлае, толькі бульбу праганяць. (Брынза, думаецца, таго ж кораня.)
Брыка — спецыяльны воз для перавозкі сена, саломы, высокія бакі накрачаны жэрдкамі. Звычайна ў брыку месціцца да двух беркаўцаў сена. За дажджом прывёз яшчэ брыку сена.
85 👁