Старонка 316
◀ / 390 ▶
Прыцямнелася ўжо. Зорка-серабрыначка... Іду дамоў і слязьмі ліюся. Прышла дамоў ужо цемнавата. Хлеба не было, дык я мяса троху пажвакала. Калапенькі (каноплі) добра каб былі — варыць чай. Робіла-робіла, прышла ў хату, пажывілася й спаць лягла. Вот так і вечар мой скруціўся. Хоць ты вочы зашый — не хачу спаць. Толькі дагары ці ніц спаць магу. Наперад заехаў. Ён меўся нанач дамоў прыехаць. Жджы-пажджы, а яго ўсё німа. Няеўшы выездзіў увесь горад. Кажа: «Замарыўся я ў дарозе, траха-траха не памёр». За хархопкі (вархопкі) ды дамоў. Шчабятухі бацька прывёз (самагонкі, гарэлкі). Апетыт на ўздыме! У мяне яшчэ стакан юрухі (бражкі) ёсь. А там ужо качарга завязалася (каша заварылася). Давайце на першую руку вып'ем скоранька. Раздзялі, каб пароўну было. Якая тут чарка — рыб'я вочка... Цаляком палажылі селядцы. Пасля селядца на ваду брахаць будзіш (сабака, як аб'есцца, п'е, а потым брэша на ваду ад злосці, што зноў піць хочацца). Ты ўсё выпі, ты яшчэ ня нашчылася. Ты будзіш рыбу пярчыць ці цыбуліць? Налупіла бульбы, надрала й напякла бліноў стог. Слабы з яго ядун. Трошку цірнець адчапнога, кажаць: «Вот наеўся, аж вочы поўнымі сталі». Місачку чуць-чуць змучыў. Кажа: «Што ў мяне жывот — тры полкі?» Да свяжыны падрыхтуем гарэлку. Кароўскае масла. З маслам і га.но смашна. Чорны хлеб за ўсё смачней, ён жытны. Павячэралі за ціхаю гадзінаю. Паспрабуй троху прасырыць ручнік і вытры. А гэты рушнік стары — яму рвацца нада. Насцілка (капа) была памытая. Яна знава такая. Усё было памытае, але туды-сюды — драбязы троху й сабралася.
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знакі націску, каб словы лепш знаходзілася праз пошук.
90 👁
◀ / 390 ▶