Ахопак — бярэма, шмат. Яны там ахопкамі грошы палучаюць на шахтах. Ладны ахопак і сабе прынёс. Пітух як даў у нагу, кроў ахопкам ліецца.
Ахосал — заляцанец, сюбар, хахаль. І ў яе ўжо свой ахосал завёўся. (З ідыш — кавалер, жанішок.)
Ахрап'е — ежа для свіней, ссечаная трава, бацвінне, дабаўляюць яшчэ бульбы, буракоў. Рана ўстала, ахрап'я насекла.
Ахэлак — ахапак, ахопак. Ладны ахэлак са стогу выскуб.
Аціхацца — суціхаць, сцішвацца. Вея аціхнецца, можна будзіць у лес паехаць.
Ацялякаваць — марудзіць, не спяшацца. Не спяшай, ды не ацялякавай. Зроб гэта не ацялякаваючы.
Ацяробкі, цяробкі — лушпіны ад бульбы, буракоў. Ацяробак узялі на сушылцы, а ўсё ж парсюку прысмакі.
Ачалавечыцца, пачалавечыцца — ажаніцца, узяць жонку; яшчэ — зрабіцца чалавекам. Бугаяваў-бугаяваў дый ачалавечыўся. Я думала — яна пачалавечыцца нарэшці.
Ачопісты — у каго шырокі азадак. Такая ачопістая, што ў дзверы не пралезіць.
Ачужэць — адбіцца ад радні, забыцца на родных. Ачужэла дачка, на бацькоў забылася.
Ашаколы — труха, точыва, пасеі, шашча. Шашаль так паточыць, што адны ашаколы астаюцца.
Ашургаць — скончыцца, перастаць. Дождж аціх, зараз ашургаіць.
Ашчыціць — шчыльна абабіць дошкамі, драніцамі. Ашчыціла пуню, каб кот куранят не цягаў.
80 👁