Асеціць — абсесці, атабуніць, апанаваць. Яго ж не сямёра асеціла (не шмат дзяцей). (Яўна ад сеткі.)
Асецішча — месца, дзе стаяла асець (восець). На асецішчы буракі ўрадзілі.
Асівець — пасівець. А як жа ты асівеў, а мой жа ты свой.
Асіта — сітнёг. Асіты з берагу нажала на подсціль.
Аслонак — там, дзе сонца, прыслонак. Кот сядзіць на аслонку й курню пяець.
Аслухаць — пачуць. Тады аслухалі, што другая баба храпіць.
Аслядаваць — высачыць, знайсці па следзе.
Мы ўвялі слядочак
На сваткі дварочак.
Дзе мы яе аслядуем,
А там мы і заначуем.
Асмакавацца, абсмакавацца — адчуць смак у ежы. Як асмакуешся, за вушы не адцягніш цябе.
Асобенна — асобна. Яны й спяць, і ядуць асобенна.
Астатнік — апошні, хто адстае. Ня будзь выдатнікам, ды ня будзь і астатнікам.
Астрашыцца — спалохацца, узяць у страх. Ці я астрашылася так, ці што?
Астроў — востраў, астравок. А пасярэдзіне Плінскага возіра астроў.
Аступіць — абступіць, акружыць. А людзі іх аступілі кругом.
Асунуцца — занядужыць, заняпасці, астарэць. А ты йдзі ў прыстарэлы дом, як асунішся.
82 👁