Ажавіны — ажына. Смачныя ажавіны, толькі збіраць калюча. Ажамеры — выціскі, асадкі, ападонне. Можа, у цябе хоць якія ажамеры засталіся, галава кроіцца, дай выпіць. Ажнуль — аж, ажно. Ажнуль мне галоўка баліць: Як жа мне дзетак жаніць? Ажынаўка — гарэлка на ажыне. Ажынаўку й без закусі піць смачна. Ажыцца — прыжыцца, атайбавацца, звыкнуць. Ажыўшыся тут, і выяздждаць ня хочуць. Акалець — сканаць. Акалеў нябога, і на кут паклалі. Акалле — холад, зябкасць; яшчэ — змерзлае цела. Глядзела-глядзела яго на дварэ, аж мяне акалля ўзяло. Прыкрый сваё акалля, а то ссінеў як пуп курыны. Аколіва — ваколіца. Зялёнае аколіва ад птушыных песень глухне. Акоцце — асцюкі. На плечы снапы ўскініш — акоцце сыпіцца, дык у капелюшы зручна. Акраўкі — абрэзкі тканіны, якія засталіся ад кроіва. З гэтых акраўкаў нічога не пашыіш. Аксціцца — апамятацца, прыйсці ў сябе. Аксціся, што ты такое гаворыш?! Аксыля — вокліч да цялят. Аксыля, у хлеў, аксыля, цяляткі! Акуратны — далікатны, уважлівы. Ён такі акуратны — і сабаку на «вы» называіць. Акушок — акунёк, акуньчык. Акунь, той як дурань бярэць, акушок яшчэ дурнейшы.
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знакі націску, каб словы лепш знаходзілася праз пошук.
97 👁