Аднавуры — аднавокі. Шашок аднавуры, ды бачыць, дзе куры. Сляпінда ты аднавурая!
Аднадумец — хто адной думкі з некім. Мы з ёй такія аднадуміцы, што куды там!
Аднакавы — аднолькавы.
Боты драныя мае,
Дома лакавыя.
А ці ў дзевак, а ці ў баб —
Усе аднакавыя.
Аднаслоўны — чалавек слова, верны свайму слову. Стахван чалавек аднаслоўны, сказаў — зробіць. А Ладысь неаднаслоўны, у яго сем пятніц на тыдні.
Аднаяй — мужчына з адным яечкам. І гэны аднаяй просіць «дай!».
Адпасажыць — адпрэчыць, адціснуць. Нявестка мяне ад печы адпасажыла, усё сама робіць.
Адпасціць — адкарміць, дагледзець. Які конь гожы стаў, як яго адпасціў.
Адперыць, перыць — адлупцаваць, лупцаваць. Ён яго добра адперыў. Перастань малога перыць.
Адпіцца — адсырэць, набрацца вільгаці, пусціць ваду. Дровы ў хаці ў цяпле адпіліся, ня хочуць гарэць. За ноч лайно адпілося на дварэ, ня высахла.
Адпойсаваць — адлупцаваць. За такое добра адпойсаваць варта, каб і дзясятаму заказаў. (Відаць, ад пояса.)
Адпоўніць — адсыпаць, адліць з поўнага. Адпоўні бутэльку на пахмелак. Адпоўні бочку, а то круп з коптуркам.
Адпрог — калі адпрагаюць коней з дарогі.
Паедзем дамовачкі
З гэтае няволічкі.
102 👁