Юга — завіруха, кудаса. У хаце ў нас Бог жывець, а на вуліцы такая юга — свету белага не відаць. (Украінскае юга — сухі туман, імга, мроіва.)
Юлёвы — фіялетавы. Капу пахварбавалі ў юлёвае.
Юр — жарсць, пал. Каму тое, каму сёе, а мне юр на ўме.
Юргіня — вяргіня. І юргініну ўторкнула, усё ж букет весялейшы будзіць.
Юрок — ваўчок; яшчэ — юрлівы, жыгун. Малы круціць юрок і сам, як юрок, круціцца. І гэны юрок бегаіць, як кнурок.
Юрыць — распальваць жарсць. Калі юрыць, дык і пад хвастом гарыць.
Юхтовікі — юхтовыя боты. Да калхозаў юхтовікі былі ў кажнага. Ён сабе юхтовікі справіў, ходзіць цяпер панам, і лёгка, і нага сухая.
Явіцца — нарадзіцца. Ягняткі явіліся, бяры ягнёнка гадуй.
Яглівая — звяглівая, з'едлівая. У яглівай цёткі талент на плёткі.
Ягнятнік — воўк, які палюе на ягнят. Як панадзіўся ягнятнік, усіх ягнят перарэзаў. (Адпаведна «спецыялізацыі» — гусятнік, жарабятнік, кабылятнік, канятнік.)
Яджгур — ёрш. Прыдзіць пара, падпусцім і яджгура (падколка).
Ядленец — ядловец. Ядленцу ў цяпельца кініш — дым салодкі йдзець.
Ядлівы — які смачна есца. Сена гэта ядлівае, шкода, што малавата яго.
78 👁