Шапярнуць — шапнуць, падказаць цішком. Нехта ім шапярнуў, што пачынаецца аблава.
Шарахаўка — спалох. Напала на яго шарахаўка, што свайго ценю баяцца пачаў.
Шарахнуцца, шархануцца — варухнуцца, памкнуцца. Тут ні ступі, ні шарахніся, як у няволі якой жывеш.
Шаргункі — бомы, званочкі. Конь наўскапыта, а шаргункі над дугою аж заходзяцца ад смеху.
Шароцце — рабацінне. Увесь у шароцці — вачэй не відаць.
Шарсцень — шэршань.
Не ўцякай, дзядулька-шарсцень,
Не турбуй бабіных касцей.
Шарсцінне — поўсць. У Максіміхі сучка ашчэніцца, яна бярэць яе ў хату, пасля ўся ў шарсцінні ходзіць.
Шарэннік — досвітак, калі неба толькі пачынае шарэць. Устала на шарэніку, дык і ўсё паспела парабіць.
Шастак — манета пэўнай вартасці.
Сем дзён малаціла —
Шастак зарабіла.
А за тога шастака
Я купіла мужыка.
Шастаць — нікаць, усюды дападаць; яшчэ — рыцца ў рэчах; ехаць, бегчы. Усю ночаньку па закутках шастаў. Што ты шастаіш, не шукай таго, чаго не паклала. Кабылка была мышастая, па тры вярсты за гадзіну шастала.
Шасціць — чыхвосціць, даваць прачуханца. Як сабаку ты ні шасці, ён не зменіць паўсці.
78 👁