Чарано — чарэнь, самае гарачае месца на сярэдзіне печы. На чаране спіну выграіш, і ўся хвароба пройдзіць.
Чараўніцтва — чары, вядзьмоўства. Я ня ўмею ніякага чараўніцтва, я толькі да Бога, я нічога не памагу, што твой мужык да другой ходзіць.
Чаркат — крык, гвалт, базар. Сарокі чаркат паднялі, некага высачылі. Бабы на базары такі чаркат з нічога ўшчалі, жах.
Чарналяпка — злая (лічыцца, што ў злога сабакі чорная ляпа). І сам, як сабака, і жонка чарналяпка, іх і злодзя баіцца.
Чаропкі — дзяўчаткі (кепліва). Адны чаропкі ў Ляксея, каб хоць адзін ды сын.
Чарэп'е — чарапкі, цурачкі. Буталь пабіўся, і чарэп'я ляжыць.
Часадла — грубы грэбень часаць карову, каня. Вычасалі часадлам на вясну, аж у каровы бакі ільсняцца.
Часты — пачастункі, частаванне. Часты там такія былі, што дасюль есці ня хочацца.
Чачотка — пакручастая бярэзіна. З чачоткі добра тапарышча робіць, не скіпаіцца.
Чачэніць — гаварыць, слухаючы толькі сябе, трашчаць. Сарочыха як пачне чачэніць, спыніцца ня можаць. Расчачэнілася — слова ня дась уставіць.
Чмур — балагур, зух пагаварыць, вясёлы. З гэным чмуром са смеху памром.
Чмура — драбната. Рыбы налавілі, такой чмуры, толькі ад ката абараніцца.
Чмыгануць — шмыгнуць. Чмыгануў заяц у кусты, толькі бачылі яго.
73 👁