Учупіцца — учапіцца, ухапіцца. Сабака ўчупіўся за хвост, лісіцы й дзявацца некуды.
Учуць — пачуць. На магільніку толькі й можна птушак пачуць, навет салаўя, a ў Вушачы не ўчуць нікога.
Ушкурыць — уцяць, дапячы. Добра-ткі яго ўшкурыў, што дасюль апомніцца ня можаць.
Ушчаміць — ухапіць, укіпцюрыць. Сава курэй у лапы ўшчэміць i давай латашыць.
Ушчын — пачатак. Hi ўшчыну, ні ўспаміну, праваліўся, як у мякіну.
Ушчынаць — пачынаць гаварыць. Ушчынаць пачынаіць, a дагаварыць забываецца.
Фазы месяца — маладзік, поўната, сход; веташок, вятох,ветах.
Фасоніцца — гнацца за модай, прыбірацца. Фасоніцца-фасоніцца, а кавалеры гэтага й не заўважаюць.
Фасунак — клад, скарб. Яму й чорт фасунак знойдзіць. Дзе фасунак, там палатунак.
Флянец — парастак, атожылак. Нядаўна, здаецца, флянчык у вазон уторкнула, a глядзі ты, які фікус вырас.
Фура — нязграбная, грузная жанчына. Суніцца фура — аж вуліца стогніць.
Хабёл — хам, нахаба, неабчасаны. Хабёл прыдзіць i любую кампанію сапсуець.
Хаданіна, хадня — хадзьба. Тут болі хаданіны, чым той еданіны будзіць. Ад дурной хадні ногі прысталі.
57 👁