Вушацкі словазбор Рыгора Барадуліна (2013). Р. І. Барадулін

 ◀  / 390  ▶ 
Трохпаўсцёвая— трохколерная. Кошка бываіць трохпаўсцёвая, а кот не. Трубло — хто многа есць. Карова, трубло такое, стаіць у хлеві. Труды — мітрэнгі, цяжкасці, перажыванні. Труды мне з мальцам, усё робіць па-свойму. Труліць — маніць, хлусіць. Досіць табе труліць, гавары да толку. Труском — ашчадна, патрошку. Насып труском ды бяжы трушком. Трухліна— стахлая драўляная будыніна; яшчэ — труха. Адна трухліна, а ня хата. Мышы сена патачылі, адна трухліна засталася. Трылузіцца— здавацца, мярэсціцца. Усю ноч нешта трылузілася ўвосні. Трылузіць — вярзці абы-што, плесці несусвецце, хлусіць, казаць лішняе. Ня слухай, што яна трылузіць. Не трылузь абы-што, хай язык адпачнець. Трындзець — вярзці абы-што, трашчацъ (груба). Трындзіць цэлы дзень, аж галава пухніць. Трысцен— прыбудова да хаты ў тры сцяны. Ідзі, гасцёк, у трысцен, там я табе мякка паслала. Трэп — дарога, сцежка. Адным трэпам ходзіць, як прывык. Ён той дарогай, а я наперад, послі я другім трэпам пашла. Трэтар — трэскат, грукат, шум; водгалас, водгук, рэха. Работнікі так шчыра малоцюць, толькі трэтар ідзець. Заяц як ламануў у кустоўя, толькі трэтар чуваць. Тубан — натоўп, юрма. Я была на Епрасенню (на святую Еўфрасінню), зберуць тубан людзей, не праціснуцца
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.

Дадатковыя словы

трылўзіць
0 👁
 ◀  / 390  ▶